Пошук

19.05.2021 12:03   Паводле: vaticannews.va

18 мая ў Ватыкане прадставілі «Душпастырскія рэкамендацыі па правядзенні СДМ у мясцовых Касцёлах». Дыяцэзіяльныя Дні моладзі цяпер будуць праходзіць не ў Пальмовую нядзелю, а ва ўрачыстасць Хрыста Валадара сусвету.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэты перанос не змяняе асноўнай ідэі святога Яна Паўла ІІ: дапамагчы ў асабістай сустрэчы моладзі з Хрыстом, які дае сапраўднае шчасце і мір. Цікава, што менавіта ва ўрачыстасць Хрыста Валадара ў 1984 годзе святы Ян Павел ІІ запрасіў моладзь праз год у Рым на сустрэчу, якая заклала асновы Сусветных дзён на дыяцэзіяльным і сусветным узроўнях.

У дакуменце, падрыхтаваным Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця, рэкамендуецца ўключыць дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў больш шырокі кантэкст гадовай працы з моладдзю, каб дапамагчы маладому пакаленню ў наладжванні цесных сувязяў з Касцёлам.

На думку прадстаўнікоў ватыканскага ведамства, новаўвядзенне можа ажывіць усю касцёльную супольнасць і дапамагчы сустрэцца з моладдзю, якая па розных прычынах да гэтага часу заставалася далёка ад Касцёла.

У дакуменце, падрыхтаваным дыкастэрыяй пасля кансультацый з моладзевымі душпастырамі і моладдзю з усяго свету, падкрэсліваецца неабходнасць больш актыўнага далучэння маладых людзей у працэс падрыхтоўкі СДМ. Усё павінна пачынацца з гатоўнасці ўважліва слухаць маладога чалавека.

З гэтага года нядзеля Хрыста Валадара, між іншым, стане днём малітвы ўсяго мясцовага Касцёла за маладое пакаленне і аб вырашэнні праблем, з якімі яно сутыкаецца.

Ватыканскі дакумент заахвочвае паглядзець на сам дыяцэзіяльны Дзень моладзі як на «свята веры», перажыванне жывога і «неананімнага» Касцёла, магчымасць атрымання місіянерскага досведу, нагоду паразважаць над пакліканнем і імкненнем да асабістай святасці, як досвед пілігрымкі і «паўсюднага братэрства» з аднагодкамі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.