Пошук

13.05.2021 07:01   Паводле: Vatican News
Агульная аўдыенцыя ў дворыку святога Дамаса. Фота: ANSA

12 мая Папа Францішак правёў агульную аўдыенцыю ва ўнутраным дворыку ватыканскага Апостальскага палаца. Пасля амаль шасцімесячнага эпідэміялагічнага лакдаўну, яна ўпершыню адбылася з непасрэдным удзелам вернікаў.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік асабіста прывітаў многіх з прысутных і прызнаўся, што вельмі рады нарэшце сустрэцца з людзьмі тварам у тварам. «Мне вельмі прыемна бачыць кожнага з вас», — сказаў Пантыфік, запэўніваючы ў малітве і просячы маліцца за яго.

Святы Айцец прысвяціў катэхезу тэме барацьбы ў малітве. «Хрысціянская малітва, як і ўсё хрысціянскае жыццё, гэта не „шпацыр“.

Ніхто з вялікіх людзей малітвы, якіх мы сустракаем на старонках Бібліі і ў гісторыі Касцёла, не меў „камфортнай“ малітвы»,— адзначыў Папа Францішак, падкрэсліўшы, што «духоўная барацьба» можа спадарожнічаць чалавеку на працягу доўгага перыяду жыцця.

Пантыфік нагадаў, што малітва — нялёгкая справа, а яе месца часта займаюць іншыя жыццёвыя заняткі. Адкладаючы малітву, мы нярэдка заўважаем, што «справы былі не такімі істотнымі, і, магчыма, мы змарнавалі час». «Вораг падманвае нас такім чынам», — дадаў Папа.

«Усе Божыя людзі кажуць не толькі аб радасці, якую нясе малітва, але таксама пра нязручнасці і цяжкасці, якія яна можа выклікаць: захоўваць вернасць часу і спосабам малітвы — гэта цяжкая барацьба. Некаторыя святыя вялі гэтую барацьбу на працягу многіх гадоў, не адчуваючы ніякага смаку малітвы, не разумеючы яе карыснасці. Маўчанне, малітва, засяроджанасць — гэта складаныя практыкаванні, і часам чалавечая прырода бунтуе, — падкрэсліў Святы Айцец. —

Вера — нялёгкая справа, і часам перажываецца амаль у поўнай цемры, без арыенціраў».Пантыфік заўважыў, што ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла змешчаны доўгі спіс «ворагаў малітвы». Хтосьці сумняецца ў тым, што Бог чуе яго малітву; іншыя лічаць малітву выключна псіхалагічным практыкаваннем, магчыма, карысным, але не абавязкова патрэбным.

Аднак, паводле Папы, «найгоршыя ворагі малітвы знаходзяцца ўнутры нас», пра што гаворыцца і ў катэхізісе: «роспач перад абліччам нашай чэрствасці; смутак ад таго, што мы не ўсё аддаем Пану, бо маем „вялікую маёмасць“; расчараванне, бо нашая просьба не выканана так, як мы самі гэтага хацелі; раны, нанесеныя нашай ганарлівасці, якая супраціўляецца нягоднасці нашай грахоўнасці; памылковае меркаванне адносна бескарыслівасці дара малітвы». «Гаворка, безумоўна, ідзе пра скарочаны спіс, які можа быць працягнуты», — заўважыў Пантыфік.

«Што ж рабіць у час спакусы, калі ўсё здаецца хісткім? — працягваў Святы Айцец. — Духоўныя настаўнікі добра ўсведамлялі сітуацыю, якую мы апісалі. Кожны з іх штосьці прапаноўваў: слова надзеі ці параду для пераадолення цярністага перыяду. Гаворка ідзе не аб тэорыі, распрацаванай за пісьмовым сталом, а аб парадах, якія нарадзіліся з досведу, якія паказваюць важнасць барацьбы і вытрываласці ў малітве».

У якасці прыкладу Папа Францішак узгадаў «Духоўныя практыкаванні» святога Ігнацыя Лаёлы, якія «з’яўляюцца кнігай вялікай мудрасці, што вучыць упарадкаванню ўласнага жыцця».

«Яна дапамагае зразумець, што хрысціянскае пакліканне ваяўнічае; што гэта рашэнне стаць пад штандар Езуса Хрыста, а не д’ябла, імкнучыся рабіць дабро, нават калі гэта становіцца складана», — патлумачыў Святы Айцец. У перыяды выпрабаванняў, як адзначыў Папа, трэба памятаць, што Бог «побач з намі і абараняе нас».

Пантыфік распавёў выпадак з жыцця святога Антонія Вялікага, які пасля глыбокага духоўнага крызісу, перажытага з малітвай, папракаў Бога: «Дзе Ты быў? Чаму не прыйшоў адразу, каб пакласці канец маім цярпенням?» А Езус адказаў: «Я быў тут, Антоній. Але чакаў, каб ты пачаў змагацца».

Святы Айцец падзяліўся таксама гісторыяй з уласнага досведу. Падчас служэння ў Аргенціне ён стаў сведкам сітуацыі, калі мужчына, даведаўшыся, што яго хворая дачка не перажыве наступную ноч, пасля працы адразу сеў на цягнік і паехаў у санктуарый Маці Божай Луханскай, адлегласць да якога складала каля 70 кіламетраў. Касцёл быў зачынены, таму ён маліўся перад яго дзвярыма ўсю ноч, трымаючыся за агароджу і «змагаючыся за здароўе сваёй дачкі». Раніцай, калі святыня адчынілася, ён увайшоў, прывітаў Багародзіцу і вярнуўся дамоў, дзе даведаўся пра цудоўнае аздараўленне дзяўчынкі.

«Часам, калі мы просім аб патрэбнай нам ласцы, то робім гэта бязвольна, без барацьбы. Так не просяць пра сур’ёзныя рэчы. Малітва — гэта барацьба, а Пан заўсёды побач з намі»,— падкрэсліў Папа Францішак.

Пантыфік заўважыў, што ў «моманты слепаты» мы можам не адчуваць прысутнасці Бога, але здолеем зрабіць гэта ў будучыні. «Здараецца таксама і нам паўтараць словы, якія аднойчы сказаў патрыярх Якуб: „Сапраўды, Пан быў у гэтым месцы, а я не ведаў“ (Быц 28, 16). Напрыканцы нашага жыцця, скіроўваючы позірк у мінулае, і мы зможам сказаць: „Я думаў, што быў адзін, але не: са мною быў Езус“», — завяршыў катэхезу Святы Айцец.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця