20 лютага Папа Францішак наведаў пісьменніцу і рэжысёра Эдыт Брук у яе кватэры ў цэнтры Рыма.
Пісьменніца нарадзілася ў габрэйскай сям’і ў Венгрыі, але большую частку жыцця правяла ў Італіі.
Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец быў моцна ўражаны, калі раней прачытаў інтэрв’ю з Эдыт Брук у газеце L'Osservatore Romano. Пісьменніца ўзгадвае ў ім аб трагедыях, якія яна перажыла са сваёй сям’ёй падчас нацысцкага пераследу. Пантыфіка кранулі яе словы і ён пажадаў сустрэцца з ёй асабіста.
Падчас гэтага нечаканага візіту Святы Айцец звярнуўся да спадарыні Брук са словамі:
«Я прыйшоў сюды, каб падзякаваць Вам за сведчанне і аддаць даніну павагі народу-мучаніку вар’яцтва нацысцкага папулізму. Шчыра паўтараю словы, якія я прамовіў ад усяго сэрца ў Яд ва-Шэме, і я паўтараю іх перад кожным чалавекам, які, падобна Вам, шмат ад гэтага пацярпеў, і прашу прабачэння ў Пана ад імя ўсяго чалавецтва».
Прэс-служба Святога Пасаду паведамляе, што «размова з Папам вярнула тыя пробліскі святла, якімі быў пазначаны пякельны досвед канцлагераў.
Размова ішла пра страх і надзею нашага часу, была падкрэслена важнасць памяці і ролі састарэлых людзей у яе захаванні і перадаванні моладзі».
Падчас сустрэчы, якая працягвалася каля гадзіны, Папа Францішак падарыў Эдыт Брук юдэйскі сямісвечнік (менору) і кнігу Вавілонскага талмуда.
Святога Айца суправаджаў Андрэа Монда, галоўны рэдактар газеты L'Osservatore Romano, якая 26 студзеня апублікавала інтэрв’ю з пісьменніцай.