Пошук

25.06.2020 12:32   Паводле: Vatican News
Кароль Давід. Мастак Герыт ван Хонтхорст. Фрагмент

24 чэрвеня ў Ватыкане Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны малітве, засяродзіўшы ўвагу на асобе караля Давіда.

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец заўважыў, што Давід быў выбраны для выключнай місіі, якая атрымала цэнтральную ролю ў гісторыі Божага народу і нашай веры. Езус шмат разоў называецца Сынам Давіда. Яны абодва нарадзіліся ў Бэтлееме, з нашчадкаў Давіда, паводле абяцання, павінен быў прыйсці Месія.

«Валадар, які будзе адпавядаць сэрцу Бога, застанецца ў дасканалай паслухмянасці Айцу, дзейнасць якога будзе верным спаўненнем Яго задумы збаўлення», — сказаў Святы Айцец.

Ён дадаў, што гісторыя Давіда пачалася на пагорках каля Бэтлеема, дзе ён пасвіў статак свайго бацькі. Давід быў яшчэ хлопцам, адным з некалькіх братоў. Калі прарок Самуэль па загадзе Бога пачаў шукаць новага караля, здавалася, што яго бацька забыўся пра існаванне свайго наймалодшага сына.

Давід працаваў пад адкрытым небам, быў «сябрам ветру, гукаў прыроды, промняў сонца».

«Ён меў толькі адну спадарожніцу, якая суцяшала яго душу — ліру. На працягу доўгіх дзён самоты любіў граць і спяваць свайму Богу», — нагадаў Пантыфік.

«Такім чынам Давід быў перадусім пастухом, або пастырам: чалавекам, які клапаціўся пра жывёл, бараніў іх ад небяспекі, турбаваўся пра іх утрыманне. Калі Давід згодна з воляй Бога павінен быў клапаціцца пра народ, гэта не вельмі адрознівалася. Таму ў Бібліі часта ўзгадваецца вобраз пастыра. Таксама і Езус называў сябе „Добрым пастырам“, Яго паводзіны былі адрознымі ад паводзін найміта. Ён ахвяраваў сваё жыццё за авечак, вядзе іх, ведае па імені кожную з іх», — дадаў Папа.

Паводле яго, Давіда многаму навучыла яго першая прафесія. Калі прарок Натан звярнуў увагу на яго цяжкі грэх, Давід адразу зразумеў, што быў кепскім пастырам, што пазбавіў іншага чалавека адзінай авечкі, якую ён любіў, што «больш не быў сціплым слугой, захварэў уладай, стаў браканьерам, які забівае і крадзе».

«Другая тыповая рыса, прысутная ў пакліканні Давіда, гэта яго паэтычная душа. Давід не быў грубым чалавекам, як бывае з асобамі, якія на працягу доўгага часу жывуць у ізаляцыі. У яго засталася пачуццёвасць: ён любіў музыку і спевы. Ліра спадарожнічала яму заўсёды: часам каб узнесці да Бога радасны гімн; часам каб выразіць плач ці вызнаць уласны грэх», — заўважыў Папа.

«Свет, які стаяў перад яго вачыма, не быў бязмоўнай сцэнай: за бегам рэчаў яго позірк умеў заўважыць больш вялікую таямніцу.

Малітва нараджаецца менавіта з гэтага: з упэўненасці ў тым, што жыццё — гэта не тое, што звальваецца на нас, але цудоўная таямніца, якая ў нас абуджае паэзію, музыку, удзячнасць, праслаўленне або плач, малітву. Калі ў чалавеку няма паэтычнага вымярэння, калі ў ім няма паэзіі, яго душа становіцца кульгавай. Згодна з традыцыяй, Давід быў вялікім майстрам складання псальмаў. Часта на пачатку яны ўтрымліваюць выразную спасылку на караля Ізраэля і некаторыя больш ці менш высакародныя падзеі яго жыцця», — сказаў Папа Францішак.

«Давід меў толькі адну мару: быць добрым пастырам. Часам у яго атрымлівалася быць на вышыні гэтага задання, а часам не вельмі. Важна, аднак, тое, што ў кантэксце гісторыі збаўлення ён з’яўляецца прароцтвам пра іншага Валадара, абвяшчэннем і правобразам якога ён быў», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла

«Святы і грэшнік, той, каго пераследавалі, і той, хто пераследаваў, ахвяра і кат, што з’яўляецца супярэчнасцю. Давід быў усім гэтым. Таксама і мы часта заўважаем у нашым жыцці супярэчныя рысы; на працягу жыцця ўсе людзі часта грашаць непаслядоўнасцю. Але ў жыцці Давіда была адна чырвоная лінія, якая яднала ўсё, што здаралася: малітва», — звярнуў увагу Папа.

Святы Айцец адзначыў, што Давід вучыць нас уваходзіць у дыялог з Богам: у радасці і граху, любові і пакутах, сяброўстве і хваробе. Усё можа стаць словам, скіраваным да Бога, які нас слухае заўсёды.

«Давід, які спазнаў самотнасць, на самай справе ніколі самотным не быў!

Па сутнасці, гэта і ёсць сіла малітвы тых, хто стварае для яе месца ў сваім жыцці: яна здольная забяспечыць адносіны з Богам, сапраўдным Спадарожнікам на шляху чалавека пасярод тысяч жыццёвых падзей, добрых ці дрэнных…», — падсумаваў сваю катэхезу Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа