Пошук

18.03.2020 16:02   Паводле: Vatican News
Фота: catholicsun.org

18 сакавіка Святы Айцец правёў агульную аўдыенцыю, якая па прычыне пандэміі каранавірусу прайшла ў форме відэатрансляцыі з папскай прыватнай бібліятэкі ў Апостальскім палацы Ватыкана.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пастыр паўсюднага Касцёла, працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны евангельскім благаслаўленням, засяродзіў увагу на пятым: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць» (Мц 5, 7).

Гаворка ідзе пра адзінае благаслаўленне, у якім прычына і абяцанне супадаюць: той, хто чыніць міласэрнасць, сам спазнае яе. Пра гэта вельмі часта гаворыцца на старонках Евангелля, нагадаў Папа, называючы міласэрнасць «душой Бога».

Пантыфік прывёў цытаты са Святога Пісання, якія кажуць пра важнасць узаемнага прабачэння.

У Евангеллі паводле Лукі Езус заклікаў: «Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам» (6, 37). У Пасланні св. Якуба гаворыцца, што «суд без міласэрнасці чакае таго, хто не чыніў міласэрнасці» (2, 13). У малітве «Ойча наш» мы молімся, просячы: «адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым» (Мц 6, 12). Езус патлумачыў, калі вучыў вучняў маліцца: «Калі вы будзеце адпускаць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны адпусціць і вам. А калі не будзеце адпускаць людзям, то і Айцец ваш не адпусціць вам правінаў вашых» (Мц 6, 14-15).

«Ёсць дзве рэчы, якія нельга раздзяліць: прабачэнне, якое даём, і прабачэнне, якое атрымліваем. Для многіх людзей, аднак, гэта цяжка зрабіць, яны не могуць прабачыць. Часта зло, якое спазналі, з’яўляецца настолькі вялікім, што прабачэнне, здаецца, — гэта ўзыход на высачэзную гару. Трэба зрабіць неймаверныя высілкі. І тады чалавек думае: гэта немагчыма. Факт узаемнасці ў міласэрнасці ўказвае нам неабходнасць змены перспектывы. Але ў адзіночку гэтага не зробім: патрэбна Божая ласка, аб якой мы павінны прасіць», — падкрэсліў Папа.

«Сапраўды, калі пятае благаслаўленне абяцае спазнанне міласэрнасці, а ў малітве “Ойча наш” гучыць просьба аб прабачэнні правінаў, па сутнасці мы з’яўляемся даўжнікамі і маем патрэбу ў спазнанні міласэрнасці», — дадаў ён.

Папа адзначыў, што ўсе людзі — даўжнікі, як перад Богам, так і перад братамі.

«Кожны чалавек ведае, што не з’яўляецца такім бацькам ці маці, мужам ці жонкай, братам ці сястрой, якім павінен быць. Мы ведаем, што нават калі не зрабілі зла, заўсёды быў недахоп дабра, не зробленага намі», — заўважыў ён.

«Але менавіта гэта наша беднасць становіцца сілай для прабачэння! Мы даўжнікі, і калі, як чулі на пачатку, нас будуць мераць той жа мерай, якой мы мераем іншых, нам было б выгадна зрабіць меру больш велікадушнай і адпусціць правіны, прабачыць. Кожны павінен памятаць, што патрабуе прабачэння і цярплівасці. Вось таямніца міласэрнасці: прабачаючы, мы прабачаны. Таму Бог апярэджвае нас і прабачае першы», — сказаў Святы Айцец.

«Атрымліваючы Яго прабачэнне, мы таксама становімся здольнымі прабачаць. Такім чынам нашы нікчэмнасць і несправядлівасць становяцца нагодай для таго, каб адкрыцца на Валадарства нябеснае, на яшчэ большую меру, Божую меру, якой з’яўляецца міласэрнасць», — дадаў ён.

Гаворачы пра паходжанне міласэрнасці, Папа прыгадаў словы Езуса: «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36).

«Чым больш прымаем любоў Айца, тым больш любім. Міласэрнасць — гэта не адно з многіх вымярэнняў, а душа хрысціянскага жыцця: хрысціянства без міласэрнасці не існуе.

Калі ўсё наша хрысціянства не вядзе да міласэрнасці, гэта значыць, што мы згубілі дарогу, бо міласэрнасць — адзіная сапраўдная мэта кожнага духоўнага шляху.

Яна з’яўляецца адным з самых цудоўных плёнаў любові», — падкрэсліў ён.

Пантыфік нагадаў, што тэмай самай першай сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі», якую ён правёў пасля свайго абрання на Пасад св. Пятра, была менавіта міласэрнасць. Як прызнаўся Папа, ён у той момант зразумеў, што яна павінна стаць цэнтральным пасланнем яго пантыфікату.

На заканчэнне Святы Айцец заўважыў, што хрысціянін не можа жыць без міласэрнасці, бо яна з’яўляецца паветрам, якім трэба дыхаць. «Мы занадта мізэрныя, каб ставіць умовы, мы маем патрэбу ў тым, каб прабачаць, бо самі патрабуем прабачэння», — такімі словамі завяршыў сваю катэхезу Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа