![](/3/images/news/2019/10/2019-10-04-papa-francesco-pianta-534x462.jpg)
4 кастрычніка, ва ўспамін святога Францішка, папа, які пры абранні ўпершыню ў гісторыі Касцёла ўзяў сабе гэтае імя, пасадзіў у ватыканскіх садах дубок, прывезены з радзімы святога бедняка з Асізі.
Спецыяльнай цэлебрацыяй у гэты дзень завяршыўся асаблівы перыяд, прысвечаны стварэнню, які працягваўся з 1 верасня. Гэта быў час асаблівай малітвы і намаганняў, скіраваных на дабро нашага агульнага Дома.
У цырымоніі ўзялі ўдзел два прадстаўнікі карэнных народаў Амазоніі, якія разам з кардыналамі Клаўдыю Хумэсам, францішканінам, і Ларэнцо Балдысэры, Генеральным сакратаром Сіноду Біскупаў, дапамаглі Святому Айцу садзіць дрэўца.
Гэта адбылося ў кантэксце Сіноду Біскупаў, прысвечанага Панамазонскаму рэгіёну, які распачнецца ў Ватыкане ў гэтую нядзелю і працягнецца да 27 кастрычніка. У спецыяльнай малітве удзельнікі прасілі Божага плёну ў працы Сіноду.
![](/3/images/news/2019/10/2019-10-04-cq5damthumbnail.jpg)
Падчас цэлебрацыі, якая праводзілася па ініцыятыве Братоў Меншых Капуцынаў, гучаў Гімн стварэнню святога Францішка, які даў назву энцыкліцы папы Францішка, прысвечанай ахове навакольнага асяроддзя «Laudato si’, mi’ Signore — Будзь праслаўлены, мой Пане».