13 чэрвеня ў пабернардынскім касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Антонія Падуанскага. Пробашч парафіі кс. прэлат Антоні Ханька ў гэты дзень адзначыў 70-гадовы юбілей і імяніны.
Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў чатырохсотгадовай святыні на маляўнічым узгорку над Нёманам узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
У гаміліі арцыбіскуп прадставіў асобу св. Антонія як славутага прапаведніка і апекуна ў пошуку згубленых рэчаў.
Пры гэтым іерарх падкрэсліў найбольш вострую праблему сучаснасці — страту веры, пра што сведчыць крызіс сям’і, Божага дару жыцця, маральнасці.
Чалавек, як адзначыў арцыбіскуп, трапляе ў рознага роду залежнасці: алкагольную, наркатычную, сексуальную, камп’ютарную, забаўляльную і іншыя. Ён думае, што знойдзе там шчасце, аднак такое шчасце з’яўляецца віртуальным і хутка лопаецца, як мыльная бурбалка, пакідаючы пасля сябе духоўную пустэчу і ведучы да трагедыі.
Таму, дадаў іерарх, Касцёл павінен вярнуць людзям страчаную веру, а ў гэтым працэсе асаблівая роля належыць святару. Гэта, па словах арцыбіскупа, неабходна падкрэсліць у той дзень, калі ксёндз прэлат Антоні Ханька адзначае юбілей 70-годдзя. З 70 гадоў жыцця 41 год ён правёў у святарстве.
Прыкметна, заўважыў арцыбіскуп, што гэты юбілей ксёндз прэлат святкуе ў той день, калі Касцёл адзначае свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара.
«Езус стаў святаром не для сябе, а для людей. Ён ахвяраваў сябе на дрэве крыжа, і гэтая ахвяра працягваецца на алтары, дзякуючы служэнню святара.
Адным з такіх святароў з’яўляецца кс. прэлат Антоні Ханька, які яшчэ ў часы ганенняў ахвяраваў сябе служэнню Богу і людзям, каб весці іх да Яго і адраджаць веру. У тыя часы ганенняў на веру рашэнне пайсці ў семінарыю было звязана з вялікімі непрыемнасцямі, але юнак Антоні Ханька свядома адказаў на заклік Хрыста да святарства», — сказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
«Падчас Апошняй Вячэры Езус абмыў ногі апосталам. Ксёндз прэлат Антоні Ханька 41 год абмывае сэрцы людзей ад грахоўнага бруду і ўмацоўвае іх Божай ласкай», — дадаў іерарх.
Арцыбіскуп пажадаў юбіляру Божага благаслаўлення на далейшае служэнне Касцёлу па прыкладу Найвышэйшага Святара Езуса Хрыста.
Пасля Імшы юбіляра павіншавалі таксама шматлікія вернікі.