9 чэрвеня, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі 29-і юнакам і дзяўчатам са Свіры і наваколля.
Касцёл св. Мікалая, біскупа, у Свіры, што знаходзіцца на памежжы трох дыяцэзій — Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Гродзенскай і Віцебскай дыяцэзій, з’яўляецца не проста прыгожай і вялікай парафіяльнай святыняй, а значным душпастырскім асяродкам у акрузе, дзе жывуць пераважна католікі.
Ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога сакрамэнт хрысціянскай сталасці тут прымала моладзь не толькі са свірскай парафіі, але таксама з суседніх супольнасцяў: з Канстанціва, Шэметава і Нястанішак.
Гэты дзень стаў для маладых людзей і іхніх бацькоў сапраўдным святам, да якога яны сумленна рыхтаваліся не адзін год. На занятках дзеці і моладзь рупліва пазнавалі праўды хрысціянскай веры, якім іх вучыла сястра Людвіка Суравікіна з супольнасці сясцёр Марыі Беззаганнай, а таксама вікарый парафіі кс. Міхал Бубен.
Хлебам-соллю сустрэлі біскупа Юрыя Касабуцкага на парозе сваёй святыні мясцовыя вернікі на чале са старшынёй касцёльнага камітэту Віктарам Вяршылам. Біскупа Юрыя ведаюць у Свіры даўно. З яго ўдзелам не толькі перажывалі светлыя і радасныя моманты парафіяльнага жыцця, але і шукалі выйсця са складанай сітуацыі, якая можа здарыцца ў кожнай супольнасці. Таму цёплыя словы прывітання, адрасаваныя пастыру, былі не простай ветлівасцю, а паходзілі ад шчырага сэрца і гучалі амаль па-сямейнаму.
Увёўшы кандыдатаў з бацькамі і сведкамі ў касцёл, іерарх затрымаўся на хвіліну малітвы перад галоўным алтаром і фігурай святога Арханёла Міхала, якая ў межах перэгрынацыі цяпер знаходзіцца ў свірскай парафіі.
Праз некалькі хвілін распачалася ўрачыстая святая Імша, да цэлебрацыі якой далучыліся святары з суседніх парафій: кармэліты а. Бэрнард Радзік з Нарачы і а. Павел Ляліта з Мядзела, а таксама кс. Антоні Казлоўскі, пробашч парафіі св. Юды Тадэвуша з Вішнева Смаргонскага дэканата Гродзенскай дыяцэзіі.
Каля алтара былі таксама кандыдаты да канфірмацыі, бо многія з хлопцаў — міністранты, якія нават у такі дзень з гонарам выконвалі свае функцыі.
На пачатку Эўхарыстыі біскупа Юрыя Касабуцкага прывітаў пробашч свірскай парафіі кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі, а прадстаўнікі бацькоў папрасілі ўдзяліць іх дзецям сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Перад тым, як выканаць гэтую пабожную просьбу, пастыр прамовіў Божае слова, звярнуўшы ў ім асаблівую ўвагу на дзеянне Духа Святога, які праганяе страх і адкрывае перад вернікам перспектыву жыцця ў сапраўднай, а не ілюзорнай свабодзе.
«Канфірмацыя таямнічаю моцаю Духа Святога, які дзейнічае ў гэтым сакрамэнце праз ласку, дае сілы, што перавышаюць магчымасці абмежаванай чалавечай натуры, часта зняволенай страхам, няўпэўненасцю, спакусамі.
Як апосталы, прыняўшы Святога Духа, пазбавіліся ад страху, так і вы, прыняўшы сакрамэнт хрысціянскай сталасці, будзьце заўсёды вернымі вучнямі і сведкамі Хрыста ў сучасным свеце», — заахвоціў іерарх.
На заканчэнне св. Імшы адбыўся яшчэ адзін прыемны момант — вернікі парафіі павіншавалі свайго пробашча з 25-гадовым юбілеем святарства, які ён адзначыў зусім нядаўна. Практычна ўвесь гэты час свайго святарскага служэння ксёндз Багуслаў прысвяціў менавіта свірскай парафіі. Ураджэнец польскага Каліша, які скончыў семінарыю ў Варшаве, за доўгія гады стаў сапраўдным свірчуком, які жыве адным жыццём са сваімі парафіянамі.
Пажадаўшы юбіляру і надалей плённа служыць у Свіры, біскуп Касабуцкі выказаў свае пажаданні таксама канфірмаваным юнакам і дзяўчатам.
«Часам сакрамэнт канфірмацыі з горкай іроніяй называюць „развітаннем з касцёлам“. Няхай жа з вамі такога не здарыцца!
Няхай прынятыя дары Духа Святога ўмацуюць вашую веру і вернасць Богу і Яго Касцёлу, які з’яўляецца вашым духоўным домам на ўсё жыццё і на векі», — дадаў пастыр.