
1 чэрвеня ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фашчаўцы прайшоў традыцыйны фэст, што сабраў на адпустовай урачыстасці, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі, дзясяткі мясцовых вернікаў і гасцей.
Перад Імшой да прысутных звярнуліся прадстаўнікі «Легіёну Марыі» з бабруйскай парафіі, якія расказалі пра ўзнікненне гэтай супольнасці і яе дзейнасць у Беларусі і заахвоцілі вернікаў дапамагаць Божай Маці прыводзіць людзей да Пана.
Усяго на адпуст прыбылі больш за 60 гасцей з розных парафій Магілёўскага дэканату і ўсёй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Цэлебрацыю св. Імшы ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB. У гаміліі іерарх нагадаў, што Найсвяцейшая Дзева вучыць нас праз гэтае свята тром рэчам: слуханню Божага слова, рашучасці ў жыцці і дзеянню.

Пасля Імшы прадстаўнік «Радыё Марыя» распавёў пра дзейнасць каталіцкага інтэрнэт-радыё і дапамог усім жадаючым навучыцца ім карыстацца.
З кожным годам фашчаўская капліца намаганнямі мясцовых вернікаў, іх пробашча кс. Аляксандра Шупенькі і шматлікіх людзей добрай волі з іншых парафій, якія ім дапамагаюць, набывае ўсё больш сакральных рысаў Божага дома.
Парафіяне сардэчна дзякуюць усім тым, хто падтрымлівае іх духоўна і матэрыяльна: усім ахвярадаўцам, з дапамогаю якіх яны могуць адзначаць адпуст у сваёй капліцы, а таксама гасцям сёлетняга фэсту і шчыра запрашаюць бываць у іх часцей.





























