Пошук

03.06.2019 15:41   Тэкст: кс. Юзаф Сярпейка / Фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

2 чэрвеня ў Магілёве, як і штогод, адбылася працэсія Божага Цела. Сам жывы Езус, рэальна прысутны ў Эўхарыстыі, прайшоў у гэты дзень вуліцамі горада на Дняпры.

Працэсія распачалася святой Імшой у магілёўскай конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава.

Цэлебрацыю Эўхарыстыі ўзначаліў Біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

На пачатку біскуп прывітаў Віцебскага дэкана Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі а. Зміцера Грышана і святароў, якія працуюць у Магілёве. Канцэлебравалі Эўхарыстыю Магілёўскі дэкан кс. Віталій Маргуноў, вікарый катэдральнай парафіі кс. Юзаф Сярпейка, кс. Віталій Чабатар CMF і а. Раман Шульц ОР, якога іерарх павіншаваў з 25-годдзем святарства.

 

Як адзначыў біскуп у гаміліі, найбольш каштоўнае і даражэйшае за ўсё, што Езус пакінуў нам, — гэта Найсвяцейшая Эўхарыстыя.

«У Найсвяцейшай Эўхарыстыі любоў Божага Сына не мае межаў бо ў ёй Езус, „палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх”“(Ян 13, 1)», — дадаў іерарх.

Па яго словах, «адзначаючы агульнамагілёўскую ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана, важна адказаць на пытанне: чым для нас, католікаў Магілёўшчыны, з’яўляецца Найсвяцейшая Эўхарыстыя?»

«Гэта таямніца любові Бога да чалавека. Не ведаю, ці любіў хтосьці кагосьці да канца, але ведаю, што менавіта так палюбіў нас Пан Бог.

Найсвяцейшая Эўхарыстыя — гэта таксама наша ахвяра Нябеснаму Айцу.

Гэтая ахвяра — найлепшы спосаб узнесці славу Богу, аддзячыць за ўсе Яго ласкі, учыніць Яму годнае перапрашэнне за ўсялякі наш грэх, а таксама ўзнесці нашыя просьбы да трона Усемагутнага.

     

У Найсвяцейшай Эўхарыстыі сам Пан Бог становіцца ежай нашай душы. Асвячаючы нас, Ён аздараўляе душу і цела, адкрывае радасць знаходжання з Богам, дае жыццё вечнае», — сказаў біскуп.

Ад катэдры працэсія, у якой святары, па чарзе змяняючыся, неслі Хрыста ў манстранцыі, скіравалася вуліцай Лазарэнка на старыя могілкі, якія называюцца каталіцкімі. Каля чатырох алтароў, якія падрыхтавалі парафіі Магілёва, былі прамоўлены гаміліі згодна з тэмай душпастырскага года, які перажывае Касцёл на Беларусі: «Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі».

Завяршылася працэсія ўрачыстым благаслаўленнем перад апошнім алтаром каля капліцы св. Антонія на могілках.

Айцец Раман Шульц, які адзначае сярэбраны юбілей святарства, удзяліў усім індывідуальнае благаслаўленне, а біскуп Аляксандр Яшэўскі падзякаваў удзельнікам за прысутнасць і дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні сёлетняй працэсіі.

Абноўлена 03.06.2019 18:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа