
Канфірмацыя — адзін з трох сакрамэнтаў хрысціянскай ініцыяцыі, калі чалавек атрымлівае дар Духа Святога і свядома адказвае Богу «так». 5 мая 28 вернікаў парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску, якія доўгі час рыхтаваліся да гэтага важнага кроку ў сваім жыцці, адказалі «так» на заклік Езуса быць Яго сведкамі.
Пра гэта паведамляецца на старонцы парафіі.
У сакрамэнце канфірмацыі вернікі надзяляюцца дарамі Духа Святога і мацней звязваюцца з Касцёлам. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці ўмацоўвае іх і больш строга абавязвае да таго, каб яны словам і чынам былі сведкамі Хрыста і мужна распаўсюджвалі і абаранялі веру.
Напярэдадні гэтай падзеі адбылося чуванне, падчас якога кандыдаты, іх сведкі і блізкія маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
«Учора на чуванні я моцна хваляваўся, — дзеліцца сваімі пачуццямі Даніэль Лазараў. — Бежмаванне — гэта наступная прыступка да Бога. Я хваляваўся, таму што ў мяне было шмат і добрых, і дрэнных момантаў у жыцці. Сёння я быў спакойны і адчуваў радасць за тое, што Святы Дух мне дае гэтыя сем галоўных дароў і што перажываў гэта не адзін я, а з усімі, хто сёння прымаў сакрамэнт канфірмацыі».
Удзяліў сакрамэнт і ўзначаліў святую Імшу дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. У гаміліі ён узгадаў чатыры вобразы Святога Духа: агонь, павеў ветру, галубка і ваду. Як слупом агню Пан Бог вёў габрэйскі народ праз пустыню і як агнём Ён знішчыў Садом і Гамору, у выглядзе голуба зыходзіў з неба падчас хросту Езуса ў Ярдане, так і ў нашых сэрцах Дух Святы будзе дзейнічаць і ўзварушваць нас.
Біскуп параўнаў сакрамэнт канфірмацыі з духоўным паўналеццем. «Вы цяпер дарослыя, ужо не вашыя бацькі ці хросныя, а вы самі адказваеце за сваё духоўнае жыццё, за ўзрастанне ў веры і прыклад, які вы даяце іншым», — сказаў ён тым, хто прымаў у гэты дзень сакрамэнт. Іерарх нагадаў пра некалькі накірункаў адказнасці — за сябе самога, за тых, хто побач з намі, за Касцёл і за Айчыну.

Кожны кандыдат выбраў сабе імя святога, які стаўся асаблівым апекуном і прыкладам далейшага хрысціянскага жыцця.
На завяршэнне шмат слоў удзячнасці прагучала ў адрас святароў і сясцёр законных, якія служаць ў парафіі. На працягу года ксёндз Алег рыхтаваў да канфірмацыі групу дарослых, а сястра Кляра — групу моладзі.
Пасля Імшы канфірмаваныя і іх блізкія не спяшаліся разыходзіцца. Яны віншавалі адно аднаго, дзяліліся радасцю, уражаннямі. На іх тварах былі ўсмешкі, у некаторых нават слёзы.
«Я маліўся аб дарах Духа Святога, аб Божым благаслаўленні, аб тым, каб Пан Бог дапамог мне мужна вызнаваць сваю веру ў далейшым жыцці, — распавёў Марцін Палінеўскі. — Калі біскуп благаславіў мяне, я быў вельмі ўзрушаны, я нібыта адчуў дотык Духа Святога».
Сведка Марціна Павел Бельскі лічыць, што прыняцце сямі дароў змяняе чалавека. «Калі я сам прымаў гэты сакрамэнт 15 гадоў таму, мы, моладзь, пыталіся ў святара, які рыхтаваў нас: што гэта дае, што гэта будзе? І ён казаў: “Гэта вас зменіць”. А што там зменіцца — было не зразумела для нас. І ўжо праз годы я зразумеў, што Дух Святы сыходзіць на цябе, Ён дзейнічае нябачна, ты мяняешся, больш шырока глядзіш на гэты свет і бачыш тое, што большасць людзей не бачыць. І не заўсёды, але час ад часу ты ловіш сябе на думцы, што гэта менавіта Дух Святы дзейнічае на цябе».
«Я моцна хвалявалася, нават трошкі забылася, што трэба адказваць, — прызнаецца Марыя Бачыла. — Вельмі ўразіў момант, калі біскуп называў маё новае імя, а калі ён ужо памазаў мяне хрызмам і я пайшла на месца, то ледзь не расплакалася. Гэта адна з найважнейшых падзей у маім жыцці».