Пошук

02.05.2019 11:09   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

29 красавіка на сцэне Сенненскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці адбыўся спектакль пад назвай «Ключы да шчаслівага жыцця». Адметнасць гэтай пастаноўкі ў тым, што значную ролю ў яе паўстанні адыграў пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Сянно айцец Міхал Ермашкевіч ОР, які з’яўляецца яе ўраджэнцам.

Святар выступіў як аўтар п’есы, выканаўца галоўнай ролі, рэжысёр, касцюмер, а таксама займаўся рэквізітам і падборам музыкі для спектакля.

Неабходна адзначыць, што гэта ўвогуле першы спектакль і першая хрысціянская пастаноўка на сцэне Сенненскага цэнтра культуры за ўсю гісторыю яго існавання.

Сюжэт спектакля нібыта знаёмы і просты — гісторыя нараджэння Езуса Хрыста. Аднак менавіта праз такую вонкавую простасць аўтар п’есы здолеў данесці, як можа дзейнічасць злы дух у жыцці чалавека і, як вынік, у гісторыі чалавецтва, калі чалавек паддаецца альбо не паддаецца ягонай спакусе. Злы дух імкнецца прывабіць нібыта тым, што менавіта ён мае ключы да шчаслівага жыцця. Але гэтыя ключы дастае толькі той, хто ідзе за Хрыстом.

«Асабіста мне гэты спектакль быў патрэбны па розных прычынах», — кажа а. Міхал Ермашкевіч. Ён распавёў, што ідэя п’есы паўстала ў яго 6 студзеня, на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана і ў вігілію Божага Нараджэння паводле юліянскага календара. «У гэты дзень я пачуў па тэлебачанні разважанні аднаго святара, што за вонкавым святкаваннем людзі забываюцца пра сапраўдны сэнс святаў.

Для мяне як для святара гэта не было адкрыццём, але гэтае выказванне стала штуршком, што трэба даводзіць людзям, у тым ліку і сродкамі мастацтва, што яны сапраўды святкуюць на Божае Нараджэнне і Вялікдзень», — адзначае ён.

Пэўны час пайшоў у святара на напісанне п’есы, пасля чаго тры месяцы адбываліся рэпетыцыі. У асноўным у п’есе задзейнічаны ўдзельнікі драматычнага гуртка, якім з’яўляюцца супрацоўнікі Цэнтра культуры, а таксама мясцовыя школьнікі. Некаторыя з іх — парафіяне айца Міхаіла.

Усе выканаўцы роляў у пастаноўцы адзначаюць, што гэты спектакль шмат даў ім менавіта ў духоўным плане. Кацярына Герцык, выканаўца ролі Марыі, якая з’яўляецца верніцай Праваслаўнай Царквы, кажа, што гэта самая сур’ёзная роля ў яе жыцці, а сама яна яшчэ доўга будзе пераасэнсоўваць тое, пра што было распаведзена ў спектаклі. Наталля Падрэз, верніца сенненскай парафіі, якая выконвала ролю Анёла, распавяла, што гэтая роля яшчэ больш дапамагла ёй спазнаць Бога.

Дзмітрый Байко, які выканаў ролю Ірада, адзначыў: «Канечне, гэта мой самы нелюбімы персанаж у Бібліі, самы любімы — святы Ян Хрысціцель. Аднак я акцёр, і маё заданне на сцэне — пераўвасобіцца, каб гледачы паверылі ў сапраўднасць таго, што адбываецца».

Прэм’еру п’есы наведалі госці з Віцебска — ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, былыя парафіяне айца Міхаіла і вікарый парафіі святой Барбары айцец Браніслаў Дашкевіч ОР.

Адна з былых парафіянак айца Міхаіла Раіса Максімаўна адзначыла: «Я ведала, што айцец Міхаіл таленавіты чалавек, але гэтым разам я ўбачыла новыя грані ягонага таленту». Іншая госця з Віцебска падзялілася, што яе вельмі ўразіла выкананне ролі айцом Міхаілам.

У нефармальнай размове з акцёрамі пасля спектакля біскуп Алег Буткевіч высока ацаніў гэтае супрацоўніцтва парафіі і Цэнтра культуры ў галіне тэатральнага мастацтва. Ён нагадаў, што падобнае супрацоўніцтва існуе ў браслаўскай парафіі, дзе кожны год ладзяцца спектаклі з ўдзелам парафіянаў. Таксама іерарх выказаў прапанову, каб гэты спектакль быў паказаны ў парафіях дыяцэзіі. Тым часам акцёры атрымалі запрашэнне прадставіць спектакль 17 мая ў Багушэўску.

Дарэчы, Сянно, невялікай парафіі ва ўсходняй частцы Беларусі, шанцуе на таленавітых святароў.

У 1919–1921 гг. у парафіі служыў ксёндз Аляксандр Астрамовіч (7.12.1878 – 1910 – 17.01.1921), знаны беларускі паэт, які друкаваўся пад псеўданімам Андрэй Зязюля, аўтар паэтычнага зборніка «З роднага загону» (1913). Свой жыццёвы шлях святар скончыў у Сянно ў 1921 г., быў пахаваны на мясцовых могілках. З цягам часу месца яго пахавання было згублена.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.