Пошук

24.02.2019 13:39   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

23 лютага ў Баранавічах урачыста адзначылі 25-годдзе часопіса «Дыялог».

Часопіс быў заснаваны ў 1994 годзе і з таго часу за чвэрць стагоддзя было выдадзена 274 нумара. Сёння галоўная аўдыторыя часопіса — людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту, наклад выдання — 4,5 тыс. асобнікаў. На жаль, чытацкая аўдыторыя апошнім часам скарацілася, а ў лепшыя часы «Дыялог» выходзіў накладам 13,5 тыс. асобнікаў.

У склад рэдакцыі ўваходзяць адказны за часопіс і бяссменны лідар каманды брат Корнэль Консэк SVD, галоўны рэдактар Юрый Серафімовіч, журналіст Раіса Сушко, шматлікія аўтары і валанцёры.

На святкаванні прысутнічалі прадстаўнікі часопіса Ave Maria і выдавецтва Pro Christo з Мінска, газеты «Слова жыцця» і партала Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, газеты Віцебскай дыяцэзіі «Каталіцкі веснік», афіцыйнага партала Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Catholic.by. Прамую трансляцыю са свята вяло «Радыё Марыя».

У межах святкавання адбылася святая Імша падзякі за 25 гадоў знаходжання часопіса «Дыялог» на ніве Бога. Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, у ёй удзельнічалі таксама біскуп Элцкі Ежы Мазур SVD, які стаяў ля вытокаў «Дыялога», дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка, узгадваючы, як ствараўся часопіс, сказаў:

«У сярэдзіне 1990-х гадоў выдавалася шмат разнастайных часопісаў і газет. Іх чыталі. Касцёл таксама шукаў чалавека з дапамогай друкаванага слова. Праз „Дыялог“ завязваліся сяброўскія адносіны і складваліся групы супольных інтарэсаў. Дзякуючы часопісу адбывалася сустрэча людзей, якія шукалі ў друкаваным слове не інфармацыі пра матэрыяльныя праблемы, а духоўнай адновы ў лучнасці з Богам».

«„Дыялог“ паспяхова скарачае дыстанцыю паміж людзьмі і дапамагае ў наладжванні кантактаў, — дадаў іерарх. — Калі б пасланне апосталаў адбывалася ў нашыя часы, то цалкам верагодна, што яны б называліся карэспандэнтамі каталіцкіх выданняў».

Біскуп узгадаў, што папу Пію Х прыпісвалі словы: «На адзін часопіс болей — на адзін касцёл менш», а кардынал Мэрціер у свой час гаварыў, што спыніў бы будаўніцтва яшчэ аднаго касцёла, каб прыспешыць заснаванне яшчэ аднаго каталіцкага часопіса.

«Душпастыры добра ведаюць, якое грунтоўнае сведчанне веры дае часопіс „Дыялог“», — сказаў пастыр Пінскай дыяцэзіі.

Друкаванае слова, падкрэсліў іерарх, чынна служыць новай евангелізацыі, і «таму трэба знаходзіць адпаведны спосаб прамоваў, напісання артыкулаў, інтэрв’ю, сведчанняў, якія б дапаўнялі навучанне ў парафіях у межах катэхезы».

«Добрая Навіна павінна абвяшчацца і па-за межамі нашых святыняў. Прычым пастаянна і дзейсна. Гэтую задачу бярэ на сябе каталіцкі друк», — заўважыў ён.

«Апостальства друку не павінна быць толькі дадаткам да парафіяльнага душпастырства, а сапраўднай евангелізацыяй са сваёй спецыфічнай формай. Таму паслуга друкаванага слова ўзносіць яе да паслугі сакрамэнтальнай. А ў перакладзе тэалагічным гэта азначае тое, што Бог паслугоўваецца матэрыяльнымі элементамі дзеля таго, каб дасягнуць звышпрыродных вынікаў», — адзначыў біскуп.

Па яго словах, праца людзей, якія ў ХХІ стагоддзі займаюцца рэдагаваннем, тэхнічным забеспячэннем і распаўсюджваннем каталіцкага друкаванага слова — гэта асаблівае пакліканне.

Праз «Дыялог» супрацоўнікі выдання стварылі магчымасць падзяліцца верай з чытачамі многім куткоў Беларусі і нават замежжа. «Дыялог» не аднойчы даваў парады, як па-хрысціянску паступаць у складаных і заблытаных жыццёвых сітуацыях.

«Мы сёння дзякуем Богу за той час, што часопіс быў і ёсць з намі. Мы дзякуем за адраджэнне і развіццё каталіцкага друку ў Беларусі пасля многіх дзесяцігоддзяў вымушанага перапынку. І таксама мы складаем падзяку Найвышэйшаму за працаўнікоў рэдакцыі, за спонсараў, карэспандэнтаў, за ахвяраваны для Бога час і высілкі», — сказаў іерарх.

Біскуп Пінскі пажадаў, каб друкаванае слова далей перамяняла сэрцы сучасных людзей.

«Няхай Бог благаславіць „Дыялог“, каб не пераставаў рабіць свой пачэсны ўклад у будаванне свету на каштоўнасцях хрысціянскай культуры, уклад у будаванне цывілізацыі любові», — дадаў ён.

Пасля Імшы пачалася ўрачыстая юбілейная праграма.

Прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кс. канонік Юрый Санько ў сваім слове прысвяціў увагу евангелізацыі праз сучасныя сродкі камунікацыі, узгадаўшы інтэрнэт, сацсеткі, інстаграм, прывёўшы прыклад сваёй парафіі, дзе праз Вконтакте і інстаграм падаюцца кароткія катэхезы, гісторыя Касцёла, гісторыі знаёмства з людзьмі.

Біскуп Ежы Мазур падзяліўся ўспамінамі, з чаго ўсё пачыналася, як з’явілася супольнасць вербістаў у Беларусі, якія мэты ставілі, як заснавалі «Дыялог», як друкавалі першыя нумары.

Біскуп Антоні Дзям’янка распавёў пра гісторыю каталіцкага друку ў Беларусі.

«На тэрыторыі сучаснай Беларусі жыхары здаўна карысталіся друкаваным словам, кірыліцай альбо лацініцай, — адзначыў, у прыватнасці, ён. — У 14 друкарнях былі выдадзеныя кнігі пераважна рэлігійнага зместу, якія тлумачылі Сімвал веры. (…) Акрамя гэтага, на тэрыторыі сённяшняй Беларусі ў свой час існавалі моцныя традыцыі друку кніг, якія працягваюць каталіцкія выдавецтвы і рэдакцыі ў сучасных умовах для Божага народу».

Былі зачытаны віншаванні з нагоды юбілею часопіса ад біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, Баранавіцкага гарвыканкама, Слонімскай друкарні, дзе на працягу 25 гадоў друкуецца «Дыялог».

Таксама ў межах святкавання прысутныя наведалі выставу «Дарогаю Бібліі».

Абноўлена 24.02.2019 13:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця