Пошук

08.02.2019 18:48   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by

7 лютага біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў будоўлю будучага генеральнага консульства Літвы ў Гродне. Новае консульства будзе ўзведзена ў цэнтры горада на вул. Васілька.

Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, на ўрачыстасці сабраліся госці, запрошаныя літоўскім бокам. Прысутнічалі Надзвычайны і паўнамоцны пасол Літоўскай Рэспублікі ў РБ Андрус Пулокас, Генеральны консул Літвы ў Гродне Генадзіюс Мяцкаліс, прадстаўнікі мясцовай улады.

Таксама былі прысутныя вернікі літоўскай каталіцкай супольнасці Гродна, для якіх кожную нядзелю ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя пробашч кс. канонік Ян Кучынскі цэлебруе Імшу на літоўскай мове.

У гэты дзень у аснову будучага консульства была закладзена капсула са зваротам да нашчадкаў.

У звароце адзначаецца:

«Тыя, хто сустракаецца тут, будуць умацоўваць традыцыі нашых народаў і ствараць добрасуседскія адносіны паміж Літвой і Беларуссю».

Будаўніцтва консульства ў горадзе на Нёмане пачалося ў кастрычніку мінулага года. Дыпламатычная місія суседняй краіны плануе ўзвесці тут два будынкі: у адным размесціцца непасрэдна само консульства, а ў другім будзе знаходзіцца жылы блок з канферэнц-залай.

Новы будынак злучыць як рысы сучаснай архітэктуры, так і нацыянальныя матывы, характэрныя для літоўскага будаўніцтва.

У ім будуць выкарыстаны таксама элементы, якія імітуюць даўніну. Завяршыць будаўніцтва плануецца да лютага 2020 г.

Абноўлена 08.02.2019 18:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа