Пошук

04.02.2019 11:06   Станіслаў Навагран / Catholic.by

З 22 па 29 студзеня ў навагрудскай каталіцкай супольнасці адбылася адметная падзея – перэгрынацыя дакладнай копіі фігуры св. Міхала Арханёла з Гарганскіх гор у Італіі, з найстарэйшага санктуарыя, прысвечанага гэтаму святому.

Увечары 22 студзеня на гарадской плошчы адбылася ўрачыстая сустрэча фігуры, якую прывёз кс. Ігар Лашук, пробашч парафіі ў Стоўбцах, адказны за арганізацыю перэгрынацыі.

Герб Навагрудка. heraldicum.ru

На старажытным гербе Наввгрудка змешчана выява Арханёла Міхала — нябеснага апекуна горада і ўсяго касцёла ў Беларусі. Яго тутул носіць адна з каталіцкіх святыняў горада.

Падчас сустрэчы вернікі яшчэ раз аддалі ў малітве Навагрудак заступніцтву св. Міхала ад ворага ўсяго чалавецтва. Пасля фігура была ўнесена ў працэсіі ў парафіяльны касцёл, дзе вернікі памаліліся Літаніяй да Міхала Арханёла.

У гаміліі на святой Імшы кс. Ігар Лашук заахвоціў часцей маліцца праз заступніцтва «Князя войскаў нябесных», раскрыў сутнасць і сэнс наведвання фігуры, а таксама распавёў пра асобу заступніка горада Навагрудка.

Кожны дзень перэгрынацыі адбываліся малітвы праз заступніцтва св. Міхала ў асобных інтэнцыях: аб здароўі душы і цела; за паўсюдны Касцёл і аб святарскіх пакліканнях; за сем’і і моладзь; за паміраючых і душы ў чыстцы; за супакой у свеце і кіраўнікоў дзяржаў; за Касцёл у Беларусі і ахвярадаўцаў; аб абароне ад злога духа.

 

Кожную Імшу папярэджвала ружанцовая малітва, а пасля Эўхарыстыі былі просьбы і малітвы перад цудатворнай фігурай і выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Вялікая колькасць людзей на працягу сямі дзён наведвала святыню, каб праз бачны сімвал прысутнасці, якой з’яўляецца фігура, ушанаваць нябеснага абаронцу.

Многія дзякуючы гэтай нагодзе прыступілі да сакрамэнту пакаяння і св. Камуніі.

Праз гэтую падзею можна было адчуць, што св. Міхал Арханёл абвяшчаў сваёй асобай прысутнасць Езуса, дзякуючы чаму, без сумненняў, вера людзей стала мацнейшай.

Абноўлена 08.02.2019 12:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.