30 снежня, у свята Святой Сям’і — Езуса, Марыі і Юзафа, — у катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве адбылася ўрачыстасць для сужэнцаў, сем’яў і супольнасці «Хатні Касцёл» Магілёўскага рэгіёну.
Узначаліў урачыстасць біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёну біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У сваім прывітальным слове іерарх заклікаў усіх памаліцца ў свята Святой Сям’і ў інтэнцыі сем’яў гэтага рэгіёну, «каб, нягледзячы на розныя цяжкасці, яны заўсёды былi моцнымi Богам і ўмелі праяўляць шчырую любоў у сужэнскім жыцці».
Было вельмі прыгожа і хвалююча назіраць, калі пасля гаміліі ўсе сужэнскія пары, стаўшы пасярэдзіне катэдры, зноў, як некалькі гадоў таму альбо зусім нядаўна, падалі адно аднаму правую руку, паглядзелі ў вочы адно аднаму і паўтаралі за біскупам словы аднаўлення сужэнскай прысягі.
Слёзы стаялі ў вачах, а радасць дзяцей, якія з захапленнем глядзелі на сваіх бацькоў, нагадвала аб узнёсласці гэтага моманту.
Біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёну на завяршэнне гаміліі пажадаў, каб усе сем’і і сужэнствы магілёўскай зямлі «заўсёды быць сапраўднымі Божымі дзецьмі, якія запрашаюць у сваё жыццё Езуса і па прыкладу Святой Сям’і ствараюць адносіны, поўныя любові, веры і надзеі на Божую дамагогу і ласку».
«Жадаю нястомна выбіраць тых, хто з’яўляецца вельмі важным для вас і такім неабходным у зямным вандраванні да Божага Валадарства», — дадаў іерарх.