29 снежня ў парафіі Унебаўзяцця Найcвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве прайшла аплаткавая сустрэча членаў Клубу каталіцкай інтэлігенцыі (КІК).
Святую Імшу ў межах сустрэчы ўзначаліў біскупскі вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB. Прамаўляючы да прысутных, біскуп падзякаваў ім за арганізацыю сталага дзяжурства ў катэдры і за штогадовую дапамогу пры арганізацыі пешай пілігрымкі Магілёў–Бялынічы.
Таксама біскуп адзначыў важнасць існавання Клубу каталіцкай інтэлігенцыі ў парафіях і яго служэння на карысць Касцёлу і ўсяму грамадству.
Пасля Імшы пробашч парафіі кс. дэкан Віталій Маргуноў запрасіў членаў КІК на плябанію. Удзельнікі сустрэчы спявалі калядкі, потым дзяліліся аплаткамі і за агульным сталом з гарбатай і печывам абмяркоўвалі вынікі года і вызначылі кірункі працы на будучы год.
Між іншым, біскуп Аляксандр Яшэўскі адказаў на шматлікія пытанні членаў КІК. Таксама духоўныя асобы выслухалі пажаданні і прапановы з боку вернікаў для душпастырскай дзейнасці пры магілёўскай катэдры.