29 снежня ў капліцы парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску (Серабранка) адбылася аплаткавая сустрэча арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, з дзецьмі з мінскіх парафій.
Такія сустрэчы ў перыяд Божага Нараджэння сталі традыцыяй, за што арцыбіскуп падзякаваў святарам салезіянам, сёстрам салезіянкам і салезіянскім супрацоўнікам. Звычайна ў сустрэчы прымае ўдзел шмат дзяцей, якія прыходзяць са сваімі бацькамі, дзядулямі і бабулямі.
Так было і гэтым разам. Распачалася сустрэча са святой Імшы, якая выглядала вельмі святочна. Прэзбітэрый быў запоўнены святарамі, якія прыбылі са сваімі парафіяльнымі групамі. Таксама прысутнічала шмат міністрантаў, а капліца ледзь змясціла ўсіх дзяцей і іх бацькоў.
У гаміліі іерарх звярнуў увагу дзяцей і іншых прысутных на сапраўдны сэнс святкавання Божага Нараджэння. Вельмі часта, адзначыў ён, кожнае святкаванне завяршаецца распакоўваннем атрыманых падарункаў. Мы любім дарыць падарункі сваім блізкім, але яшчэ больш любім іх атрымліваць.
Па словах арцыбіскупа, гэта натуральна, аднак сэнс святкавання Божага Нараджэння іншы. Яго сэнс у разуменні таго, што дзве тысячы гадоў таму на зямлю прыйшоў Збаўца Езус Хрыстус, які і цяпер прыходзіць да нас сваёй ласкай.
Божае Нараджэнне — гэта дзень нараджэння Езуса, і, як у сям’і адзначаецца дзень нараджэння таты, мамы ці дзяцей, так уся хрысціянская сям’я кожны год адзначае дзень нараджэння Езуса.
Аднак для сапраўднага святкавання Божага Нараджэння, заўважыў іерарх, гэтага яшчэ замала, бо толькі тады мы будзем сапраўды святкаваць гэтае свята, калі Езус сваёй ласкай народзіцца ў нашых сэрцах.
У гаміліі арцыбіскуп па свайму звычаю задаваў дзецям пытанні пра гісторыю Божага Нараджэння. Дзеці адказвалі трапна і ўпэўнена, што паказала добры ўзровень іх катэхізацыі і тое, як яны ведаюць гісторыю нараджэння Збаўцы.
Таксама пастыр архідыяцэзіі распавёў дзецям байку.
Падчас прадстаўлення ў каталіцкай школе сцэнкі пра Божае Нараджэнне Марыя з Юзафам пытаюцца ў гаспадара заезду, ці ёсць месца, каб пераначаваць. Хлопчык, які граў гаспадара, нечакана забыўся, што павінен адказаць, што ў заезде няма месца, і маўчаў. Юзаф спытаў яшчэ раз, але хлопчык зноў маўчаў.
Склалася нязручная сітуацыя, і Юзаф з Марыяй пачалі адыходзіць у напрамку таго месца, дзе знаходзіліся хатнія жывёлы. Тады гаспадар нечакана закрычаў: «Куды вы ідзяце? Вяртайцеся, у заездзе шмат свабодных памяшканняў!»
Арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў, каб у «заездах» сэрцаў дзяцей і ўсіх прысутных заўсёды было месца Езусу, бо толькі тады як святкаванне Божага Нараджэння, так і ўсё жыццё будзе мець сэнс.
Пасля Імшы сабраныя перайшлі ў будынак салезіянскага араторыя. Мясцовай моладдзю і аніматарамі была падрыхтавана святочная праграма са спевамі і тэатральным прадстаўленнем. Да вялікай радасці дзяцей, іх прывітаў Карлсан, які правёў з імі некалькі забаваў і дапамог падрыхтавацца да выступлення артыстаў.
У сцэнцы два мушкецёры спрачаліся паміж сабою аб існаванні Бога, але нябесныя зорачкі, лясныя жывёлы, анёл Габрыэль, а пасляі Юзаф з Марыяй пераканалі няверуючага ў тым, што Бог сапраўды існуе і што Езус нарадзіўся для кожнага з нас.
Дзяленне аплаткай для дзяцей было сапраўднай радасцю. Яны з вялікай ахвотай выстраіліся ў чаргу, каб выказаць свае пажаданні арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу. Таксама амаль кожны жадаў сфатаграфавацца з іерархам. Дзеці дзяліліся аплаткамі і паміж сабою, са сваімі бацькамі, святарамі і сёстрамі законнымі.
У гэтым годзе на сустрэчы сабралося каля 250 дзяцей з многіх парафій.