Пошук

26.12.2018 13:25   Фота: Антон Ростаў / кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

Познім вечарам 24 снежня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узначаліў цэлебрацыю св. Імшы Пастэркі ў святую ноч Нараджэння Пана ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава.

Дзякуючы трансляцыі, арганізаванай Белтэлерадыёкампаніяй, у гэтай урачыстай святой Імшы, акрамя магілёўскіх вернікаў, маглі ўдзельнічаць таксама тэлегледачы каналаў Беларусь 1, Беларусь 24 і тэлеканала «Мір».

Разам з арцыбіскупам Эўхарыстыю канцэлебравалі біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі кс. архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС і мясцовае духавенства.

Святая Імша ў ноч Нараджэння Пана традыцыйна называецца «Пастэркай» ад лацінскага слова pastor — пастух, бо менавіта простыя хлопчыкі-пастушкі першымі даведаліся пра нараджэнне ў Бэтлееме Месіі — Хрыста, Збаўцы свету, і прыйшлі Яму пакланіцца, несучы свае сціплыя сялянскія дары.

Урачыстая Імша распачалася ў цёмным касцёле з абвяшчэння Нараджэння Пана — старажытнага грыгарыянскага спеву, які абвяшчае радасць нараджэння Хрыста і нагадвае пра асноўныя падзеі гісторыі збаўлення, кульмінацыяй якой стаў той момант, калі Бог прыняў чалавечае цела.

Пасля спеву духавенства ў працэсіі выйшла да імправізаванай стаенкі-батлейкі з яслямі, у якія арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паклаў фігуру Дзіцяткі Езуса, пасля чаго ў касцёле запалілася святло, а на вуліцы распачаўся святочны феерверк.

Гэтае святло і святочныя агні — сімвал спрадвечнага Божага святла, якое ў Езусе Хрысце прыйшло на свет і рассеяла цемру грахоў.

Напярэдадні ў магілёўскую катэдру быў дастаўлены Бэтлеемскі агонь, які ўжо шмат гадоў каталіцкія скаўты Еўропы перадаюць з краіны ў краіну. Ён быў запалены ад лампадаў у святыні, пабудаванай над пячорай у Бэтлееме, дзе срэбраная зорка з лацінскім надпісам Hic Verbum Caro factum est — «Тут Слова сталася Целам» — паказвае месца нараджэння Хрыста.

Гэтая скаўцкая эстафета — нібы святло цудоўнай Бэтлеемскай зоркі, якая заззяла на небасхіле ў момант Нараджэння Хрыста і паказала шлях да Нованароджанага Збаўцы тром мудрацам з Усходу.

Звярнуўшыся да вернікаў падчас гаміліі са сваім калядным пасланнем, арцыбіскуп Кандусевіч прысвяціў яго разважанню над пытаннем, ці людзі XXI стагоддзя, усё больш абмежаваныя сваімі эгаістычнымі інтарэсамі, у стане з пакораю прыняць праўду ўцелаўлення Бога.

На заканчэнне святой Імшы з прывітальным словам да арцыпастыра і сабраных у касцёле вернікаў звярнуўся біскуп Аляксандр Яшэўскі. Віншаванні ад імя Мітрапаліта Паўла перадаў прысутны на ўрачыстасці прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіярэй Аляксандр Шымбалёў, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела Беларускага экзархата па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства.

На заканчэнне цэлебрацыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў падзяку за віншаванні праваслаўным братам, а таксама дзяржаўным уладам — прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку і ўладам горада Магілёва і Магілёўскай вобласці. Пасля благаслаўлення ў старажытнай магілёўскай катэдры адбылося традыцыйнае дзяленне аплаткамі.

 

 

Абноўлена 26.12.2018 14:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа