Напярэдадні святаў Божага Нараджэння салезіянскі музычны гурт «Крылы» выпусціў свой першы альбом пад назваю «На Каляды».
Як паведамляе інтэрнэт-партал Рэлігійнай каталіцкай місіі «Таварыства св. Фрацішка Сальскага» sdb.by, першы дыск калектыва, які ўжо другі год займаецца хрысціянскай музычнай творчасцю пры парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, складаецца з дзевяці кампазіцый. За час свайго існавання гурт «Крылы» даў некалькі канцэртаў, прымаў удзел у парафіяльных святах, дзяліўся сваімі талентамі на канцэртах у гонар святой Цэцыліі і быў госцем «Радыё Марыя».
Нагадаем, што сваю назву гурт атрымаў дзякуючы галасаванню, якое праходзіла на нашым партале.
Дыск быў запісаны пры дапамозе і падтрымцы святароў салезіянаў, якія нясуць служэнне ў Бараўлянах: кс. Віктара Гайдукевіча SDB і кс. Казіміра Шэдэлкі SDB.
Вы можаце падтрымаць выканаўцаў, а таксама стварыць сабе калядны святочны настрой, набыўшы дыск «На Каляды» ў парафіяльных кіёсках. Ужо сёння дыскі даступныя ў кіёсках парафій, дзе нясуць служэнне салезіяне.