Парафіяльную ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі адсвяткавалі ў Крычаве 1 снежня. Фэст быў перанесены на тыдзень раней па прапанове біскупа: у магілёўскім рэгіёне дзве святыні маюць тытул Беззаганнага Зачацця — у Бабруйску і ў Крычаве, такім чынам біскуп, духавенства і вернікі рэгіёна маюць магчымасць у кожнай з гэтых парафій перажываць адпустовую ўрачыстасць.
Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці Аляксандр Яшэўскі SDB разам са святарамі, якія прыбылі на свята.
У сваёй гаміліі іерарх прыгадаў аб важнай ролі Божай ласкі ў жыцці кожнага хрысціяніна і яе неабходнасці для збаўлення па прыкладзе Божай Маці, як Анёл Габрыэль, вітаючы Марыю, падкрэсліў гэта: «Вітай, Марыя, поўная ласкі…»
З дапамогай Божай ласкі Панна Марыя выканала старазапаветныя прароцтвы і сцерла галаву старадаўняга змея, так і кожны з нас, супрацоўнічаючы з Божай ласкай, зможа перамагчы злога духа і ўсялякае ягонае дзеянне.
Таксама іерарх звярнуў увагу на значэнне і вартасць слова. Бог заўсёды верны свайму Слову і дадзеным абяцанням. І Марыя — яскравы прыклад вернасці Божаму cлову і дадзеным Ёю абяцанням: «Няхай мне станецца паводле Твайго слова», — вучыць нас адказнасці за дадзеныя абяцанні перад бліжнімі, а асабліва дадзеныя самому Богу.
На заканчэнне Літургіі спевам гімна Te Deum вернікі ўзнеслі праслаўленне і падзяку Пану Богу праз заступніцтва Маці Божай.