«Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, якую традыцыйна мы называем семінарыйнай нядзеляй, я ад імя ўсёй нашай супольнасці прагну вам шчыра падзякаваць», — піша кс. Віталь Вайцяхоўскі.
Хвала Хрысту!
Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце Пану!
У сённяшнюю ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, якую традыцыйна мы называем семінарыйнай нядзеляй, я ад імя ўсёй нашай супольнасці прагну вам шчыра падзякаваць.
У першую чаргу за вашыя духоўныя ахвяры. За вашыя штодзённыя малітвы, Ружанцы, Вяночкі, за вашыя адрачэнні і пасты ў нашых інтэнцыях. Наш Касцёл перастане існаваць у той момант, калі вернікі перастануць маліць Бога аб святарах і за святароў.
Хачу таксама падзякаваць вам за вашую нязломную веру, якую вы пранеслі праз ліхалецце ваяўнічага атэізму, якую вы збераглі і перадалі сваім нашчадкам. Маладыя хлопцы, якія ўступаюць на шлях падрыхтоўкі да святарства, — гэта плён вашай веры, гэта вашыя духоўныя сыны. Яны пераймаюць ад вас гэты духоўны скарб, каб дзяліцца ім і перадаць далей. У сённяшнім свеце гэта вельмі няпростае заданне, таму нам увесь час патрэбна вашая духоўная падтрымка.
Якія б ні былі ўзнёслыя духоўныя памкненні чалавека, аднак іх реалізацыя адбываецца ў матэрыяльным свеце, чалавек — гэта не толькі дух, але і цела. Духоўная фармацыя патрабуе таксама матэрыяльнай падтрымкі. Дарагія браты і сёстры, мы гэтую падтрымку ад вас адчуваем кожны дзень. Кожны дзень мы маем што з’есці, маем месца, дзе адпачыць, і маем умовы для духоўнага ўзрастання. За гэта вам таксама вялікі дзякуй! Няхай добры Бог, які бачыць усю глыбіню вашага ахвяравання, шчыра вам аддзячыць! Мы не маем ніякіх крыніцаў даходу, таму спадзяемся на Бога і вашыя чулыя сэрцы.
Напрыканцы гэтых словаў падзякі хацеў бы звярнуць увагу на яшчэ адну важную патрэбу нашай семінарыйнай сям’і. Яна няспынна патрабуе новых членаў. Тых, хто пачуў у сваім сэрцы голас Божы, голас паклікання. Маліцеся аб адвазе для тых, каго кліча Пан, каб яны не баяліся ўступіць на гэты нялёгкі, але прыгожы шлях.
Дзякуй, што вы ёсць! Штодня мы памятаем пра вас у нашых малітвах.
Няхай добры Бог ахоўвае і благаслаўляе вас і вашых блізкіх!
Рэктар кс. Віталь Вайцяхоўскі