Пошук

19.11.2018 11:06   Эла Дзвінская / Catholic.by

Добрай альтэрнатывай злавесным маскам Хэлоўіна стаў сямейны баль Усіх Святых, арганізаваны мінскай парафіяй св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ.

Імпрэза прайшла 18 лістапада ў дольнай зале Чырвонага касцёла пад дэвізам «На ўвесь свет ідзём і Хрыста нясём!»

«Мы ладзім такое свята ў трэці раз, — распавёў кс. Уладзімір Марушэўскі TChr. — Сёлета яно носіць місійны характар. Кожны з дзяцей і іх бацькоў мог выбраць святога, які яму падабаецца, прачытаць пра яго жыццё і змайстраваць касцюм, адпаведны часу жыцця святога. Таксама мы прапанавалі дзецям паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў, пераможцы якога атрымалі прызы.

Дзяўчаты ўпадабалі вобразы святой Алены, святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса, святой Агнешкі, Кацярыны Сіенскай, Брыгіты і іншых, хлопчыкі — св. Марка і св. Андрэя. Бацькі таксама былі ў касцюмах. Напрыклад, Павел і Людміла выбралі вобразы святога Францішка Асізскага і святой Перпетуі.

«Сёстры назарэтанкі, якія другі год нясуць служэнне ў нашай парафіі і дапамагаюць у душпастырстве, прапанавалі паставіць спектакль пра благаслаўлёных мучаніц Беларусі, сясцёр назарэтанак з Навагрудка», — адзначыў пробашч парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ кс. Алег Шпець TChr.

Паводле слоў святара, галоўны сэнс балю ў тым, каб кожнае дзіця, абраўшы святога і прачытаўшы яго біяграфію, магло наследаваць яго прыклад у веры.

 

«Святыя былі звычайнымі людзьмі, жылі і працавалі, захоўваючы Божыя наказы і прысвячаючы жыццё Богу, — дадаў святар. — Анонс балю мы зрабілі яшчэ напачатку навучальнага года, каб не толькі дзеці, але і іх бацькі мелі час падрыхтавацца.

Святасць — гэта не толькі смутак, не толькі ўкленчванне ў касцёле, а вернасць Богу ў паўсядзённым жыцці, якое можа быць і вясёлым. Калі дзяліцца сваёй радасцю, яна не будзе пужаць людзей, а будзе прыцягваць!»

Абноўлена 19.11.2018 18:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа