Пошук

06.11.2018 17:42   Ганна Шаўчэнка / Catholic.by

У выдавецтве «Про Хрысто» выйшла кніга с. Анны Чайкоўскай WDC і с. Ірэны Златкоўскай WDC «„Стань каля мяне, Пане…“ Хрысціянскае перажыванне жалобы».

Кожны чалавек у сваім жыцці сутыкаецца з цярпеннем, якое звязана са стратаю блізкіх. І ўсе мы па-рознаму перажываем гэтае выпрабаванне: хтосьці паступова ператварае свой боль у разнастайныя праявы любові да родных або да самога памерлага, нібы ўзносячы гэтую любоў на новы — вышэйшы — узровень; а хтосьці доўгія гады не можа змірыцца са стратаю, і часам гэта наносіць сур’ёзную шкоду яго адносінам з людзьмі, яго фізічнаму і душэўнаму здароўю… Такія цяжкасці і выпрабаванні сталі прадметам разважанняў сясцёр з Кангрэгацыі памочніцаў душам чыстцовым Анны Чайкоўскай WDC і Ірэны Златкоўскай WDC, аўтарак новай кнігі, якая выйшла ў выдавецтве «Про Хрысто», — «„Стань каля мяне, Пане…“ Хрысціянскае перажыванне жалобы».

Пішучы пра сэнс і плён цярпення ў першых раздзелах кнігі, с. А. Чайкоўска і с. І. Златкоўска паказваюць іх у святле Евангелля, нагадваюць чытачу пра збаўчую і ачышчальную моц чалавечых пакутаў, якіх ніхто не можа пазбегнуць і якія сталі ўдзелам самога Езуса Хрыста. Аўтаркі таксама падрабязна апісваюць этапы жалобы, праз якія мусіць прайсці чалавек, страціўшы кагосьці з блізкіх. Нягледзячы на тое, што ў сучасным свеце існуе тэндэнцыя як мага хутчэй перагортваць старонкі цярпення ў сваім жыцці, нібы заплюшчваючы на яго вочы і нівелюючы гэты каштоўны досвед, с. А. Чайкоўска і с. І. Златкоўска даводзяць, наколькі важна перажыць час жалобы адпаведна са сваім унутраным станам, не хаваючыся ад цярпення і не замыкаючыся ў ім. Цэлы раздзел у кнізе прысвячаецца знешнім знакам жалобы, такім як нашэнне чорнай вопраткі, пазбяганне забаваў і ўцехаў, малітва, наведванне могілкаў…

Напрыканцы выдання змешчаны тэксты найбольш папулярных малітваў за душы памерлых, бо часам чалавек, які перажывае шок ад страты блізкага, не ў стане маліцца сваімі словамі… Няхай жа ў гэтым яму дапаможа шматвекавая практыка Касцёла і Божае слова.

У прадмове да кнігі аўтаркі пішуць: «Няма ўніверсальных рэцэптаў перажывання цярпення, смерці і жалобы. Аднак спадзяемся, што разважанні з гэтае кнігі хоць крыху злагодзяць боль сэрца і дапамогуць у святле веры зірнуць на сваё жыццё, а можа, таксама і на змаганне іншых людзей у падобных выпрабаваннях». Хочацца верыць, што гэтыя лістападаўскія дні, калі мы асаблівым чынам молімся за памерлых блізкіх, родных, сяброў і знаёмых, кніга с. А. Чайкоўскай і с. І. Златкоўскай «Стань каля мяне, Пане…» будзе добраю падтрымкаю для вернікаў.

Зрэшты, малітва за памерлых павінна гучаць з нашых вуснаў не толькі ў лістападзе, але і ва ўсе іншыя перыяды літургічнага года, бо мы як адзіны Касцёл моцна звязаныя з тымі, хто адышоў з зямнога жыцця ў вечнасць: нашыя адносіны і нашая любоў не зніклі, а набылі іншую форму, перайшлі ў іншае вымярэнне і патрабуюць ад нас яшчэ большай духоўнай сталасці і адказнасці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа