«Радыё Марыя» ў Беларусі святкуе другую гадавіну свайго існавання. Яно загучала ў нашай краіне 1 лістапада 2016 года.
Гэтаму кроку папярэднічала некалькі гадоў арганізацыйна-прававой працы. Пра дзейнасць «Радыё Марыя» ў Беларусі можна пачытаць тут>>>
У цэлым «Радыё Марыя» гучыць у 77 краінах — 28 у Еўропе, 22 у Амерыцы, 21 у Афрыцы, 6 у Азіі і Акіяніі з амаль 2000 радыёрэтранслятараў. Яго слухае каля 500 мільёнаў слухачоў.
Гаворачы пра юбілей «Радыё Марыя» ў нашай краіне, яго дырэктар кс. Аляксандр Улас адзначае: «Ці шмат гэта? Здаецца, не. Гэта калі не ўглядацца ва ўсё тое, чаго нам разам з вамі ўдалося дасягнуць за гэты час».
«Не хацелася б цяпер рабіць пералік усіх тых праграмаў, якія на працягу апошняга года з’явіліся ў нашым эфіры. І ўсе тыя акцыі, якія праводзіла “Радыё Марыя” на працягу года, добра знаёмыя тым, хто за намі сочыць у сеціве. А вось на што хацелася б звярнуць увагу — на вас, нашыя паважаныя радыёслухачы! На тое, што, далучаючыся да нас, вы ствараеце “Радыё Марыя”. І менавіта па гэтай прычыне нашая супольная радыёсям’я ўзрастае і сталее», — кажа кс. Аляксандр Улас.
Дзякуючы ахвярам, малітвам, дапамозе слухачоў у гэтым годзе адбыўся запуск новай студыі, з’явіліся новыя супрацоўнікі, пашыралася прысутнасць «Радыё Марыя» ў Касцёле праз трансляцыю святых Імшаў з новых месцаў.
«Вашая падтрымка, вашая ахвярнасць, вашая малітва — гэта тое, на чым Маці Божая будуе сваё Радыё. Таму, святкуючы другую гадавіну яго існавання, я хацеў бы падзякаваць у першую чаргу Маці Божай за той вялікі дар, якім Яна штодня адорвае мяне і ўсіх супрацоўнікаў “Радыё Марыя”, — гэта дар радыёслухачоў», — дадае кс. Аляксандр Улас.
Святар дзякуе таксама валанцёрам за ахвярнае служэнне, час і працу, якія яны прысвячаюць гэтаму праекту, дзякуе супрацоўнікаў «Радыё Марыя» і віншуе іх. «Два гады — гэта зусім няшмат, але ўжо на цэлы год мы сталі больш дарослымі! Дзякую Пану Богу за гэты год. За ўсе тыя праблемы, турботы і клопаты, дзякуючы якім мы ўмацоўваемся і сталеем, за ўсе моманты задавальнення і радасці, якімі Маці Божая суцяшала і падтрымлівала нас. За ўсё дзякуем Ёй!» — кажа дырэктар «Радыё Марыя».