Пошук

31.10.2018 10:12   Тэкст: Аліна Добыш / Фота: Ганна Лясота / Catholic.by

27 кастрычніка ў брэсцкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа адбылася сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі на тэму «Пагроза ідэалогіі гендар сучаснаму маладому хрысціяніну».

Як адзначыў адказны за душпастырства моладзі Fides кс. Павел Трон, які праводзіў тэматычную духоўную канферэнцыю, тэма гендару становіцца ўсё больш актуальнай у наш час.

Пэўныя сілы імкнуцца ўсё больш сціраць межы паміж жанчынамі і мужчынамі, у некаторых краінах афіцыйна прыняты трэці, ніякі пол (ці, як там прынята казаць, гендар), а зразумелыя ўсім і такія важныя паняцці, як «тата, мама», перакручваюцца ў немагчымыя для перадачы на беларускую мову тэрміны parent 1 / parent 2.

Прамаўляючы да моладзі, кс. Павел заклікаў прымаць і любіць сябе такімі, якімі нас стварыў Бог, давяраць Яму і не адракацца ад сваёй індывідуальнасці.

Працяг размовы па тэме адбыўся ў чатырох групах, у якіх пад кіраўніцтвам святароў абгрунтоўвалася сувязь гендарнай ідэалогіі з іншымі з’явамі рэчаіснасці: выхаванне, духоўнасць, адказнасць, псіхалогія.

Акрамя важнага духоўнага вопыту, юнакі і дзяўчаты набылі таксама новыя знаёмствы. Падчас прэзентацыі парафій маладыя людзі з розных гарадоў распавядалі пра сябе, пра свае супольнасці, паказвалі цёплыя, душэўныя здымкі і ўзгадвалі яскравыя моманты і цікавыя гісторыі.

Адарацыя стала для маладых удзельнікаў сустрэчы магчымасцю паразмаўляць з адзіным найлепшым Сябрам, выказаць Яму ўсе свае хваляванні, расказаць пра цяжкія і радасныя моманты, падзякаваць Яму і праславіць Яго.

У гэты час моладзь мела магчымасць не толькі пабыць у жывой прысутнасці Валадара Сусвету, але таксама прыступіць да сакрамэнту пакаяння і памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай Брэсцкай.

Пасля адарацыі адбылася св. Імша, якую канцэлебравалі святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі, у тым ліку рэктар Пінскай духоўнай семінарыі ксёндз Андрэй Рылка. У сустрэчы таксама бралі ўдзел студэнты Пінскай духоўнай семінарыі і навучэнцы першага падрыхтоўчага курса, якія прыехалі з Мінска.

Апошнім пунктам праграмы сустрэчы быў канцэрт праслаўлення. Ён адбыўся дзякуючы творчаму аб’яднанню гуртоў «Подых Духа», Step Project і таленавітай брэсцкай моладзі пад руплівым кіраўніцтвам сястры Веранікі з парафіі Узвышэння Святога Крыжа. У выніку сустрэча нават атрымала свой гімн, які пачынаўся словамі «Езу, Тваё Царства для мяне».

Такім чынам, сёлета Брэст зноў стаў месцам сустрэчы маладых людзей, месцам радасці і роздуму, гучных спеваў і малітвы ў цішыні.

Тут кожны мог узгадаць, што ён — Божае дзіця, якое Бог стварыў на сваё падабенства: непаўторным, адзіным, і любіць яго, нягледзячы на ўсе слабасці. Сустрэча напоўніла сэрцы ўдзельнікаў Божай ласкай і радасцю сустрэчы з сябрамі, а розум — больш глыбокім разуменнем жыцця і свайго месца ў ім.

 

Абноўлена 31.10.2018 11:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа