17 кастрычніка ва ўспамін св. Ігнацыя з Антыёхіі духавенства і кансэкраваныя асобы Магілёўшчыны сабраліся на чарговы дзень духоўнага засяроджання і пастырскую сустрэчу ў парафіі святых Пятра і Паўла ў Шклове.
Сустрэчу ўзначаліў біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а традыцыйную канферэнцыю прамовіў кс. Канстанцін Карака. У гэтым духоўным настаўленні пробашч з Глуска засяродзіў увагу на сутнасці хрысціянскай радасці.
«Можна вылучыць перадусім чатыры матывы хрысціянскай радасці.
Па-першае, нагодай для радасці і ўдзячнасці з’яўляецца той факт, што, ствараючы людзей, Бог пажадаў падзяліць з намі не толькі сваю любоў, але і радасць.
Па-другое, чысціня нашага сумлення, жыццё ў еднасці з Богам і людзьмі — неад’емная прычына радасці кожнага хрысціяніна. Па-трэцяе, вернасць Божым наказам і запаведзі любові таксама з’яўляецца матывам для радасці. Чацвёртая прычына радасці — гэта добрае выканання нашага служэння на хвалу Божую, дзеля карысці Касцёла і чалавечых душаў», — адзначыў між іншым святар.
Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і магчымасці споведзі адбылася супольная Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Яшэўскі. Іерарх традыцыйна цэлебраваў яе ў інтэнцыі ўсяго духавенства, кансэкраваных асобаў і вернікаў магілёўскай часткі архідыяцэзіі, аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця, а таксама аб здароўі для пробашча з Чавусаў а. Гжэгажа Ксёнжэка.
У гаміліі біскуп узгадаў асобу св. Яна Паўла ІІ, 40-годдзе абрання якога Папам прыпала напярэдадні.
«На нашай беларускай зямлі вельмі любяць святога Яна Паўла ІІ, захоўваюць жывую памяць аб ім і распаўсюджваюць яго культ. Вялікая колькасць помнікаў узведзена вернікамі ў нашай краіне гэтаму святому Папу. Яго рэліквіі ўшаноўваюцца ў многіх святынях у беларускіх гарадах і вёсках, а ружанцы, благаслаўлёныя святым Янам Паўлам ІІ, не выпускаюць з рук тысячы нашых католікаў Беларусі. Усё гэта сведчыць пра жывую памяць і любоў нашых людзей да святога Яна Паўла ІІ», — адзначыў іерарх.
Гаворачы пра тое, як глыбока св. Ян Павел ІІ перажываў малітву, біскуп зазначыў: «Успамін пра сведчанне жыцця святога Пантыфіка і перагляд свайго жыцця верай, што падтрымліваецца і ажыццяўляецца штодзённай малітвай, не аднаго з нас можа збянтэжыць і выклікаць сорам. Таму варта задаць сябе пытанне: колькі часу я, чалавек, які лічыць сябе веруючым, прысвячаю на тое, каб пагаварыць з маім Богам? Колькі гэтага часу я прысвячаю для Бога?»
Пасля Эўхарыстыі адбыўся пачастунак, а потым удзельнікі сустрэчы абмеркавалі шэраг душпастырскіх спраў. Дырэктар Caritas Беларусь кс. Віталій Дабраловіч, які прыняў удзел у сустрэчы, прадставіў выдадзены нядаўна дапаможнік па развіцці парафіяльных структур дабрачыннага таварыства Caritas пад назвай «Любі свайго бліжняга».
Акрамя таго, духавенства і кансэкраваныя асобы Магілёўшчыны абмеркавалі складзены рэгіянальным біскупскім вікарыем «Агульны план душпастырскай дзейнасці ў Магілёўскім рэгіёне на 2018/2019 год».
Рыхтуючы яго, біскуп улічыў штодзённую душпастырскую дзейнасць, важныя даты для рэгіёну і сваё біскупскае служэнне. Гэты план, абмеркаваны і дапоўнены духавенствам і кансэкраванымі асобамі Магілёўшчыны, на думку біскупа Аляксандра Яшэўскага, пакліканы паспрыяць калегіяльнай адказнасці за Касцёл і росквіту веры ва ўсходняй частцы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.