Пошук

16.10.2018 16:03   Ганна Шаўчэнка / Catholic.by

14 кастрычніка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася сустрэча групаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым (АДДЧ). Распачатая адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, яна сабрала мноства ўдзельнікаў гэтага малітоўнага руху з парафій Мінска.

Святую Імшу за душы, якія церпяць у чыстцы, узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Вітаючы ўдзельнікаў АДДЧ, ён выказаў шчырую, сардэчную радасць з той нагоды, што ў Касцёле на Беларусі сярод свецкіх вернікаў так актыўна развіваецца харызма малітвы за душы чыстцовыя.

Разважаючы пра пакліканне, якое кожны чалавек не проста выбірае, а атрымлівае ад Пана Бога і павінен распазнаць у сваім жыцці, Яго Эксцэленцыя заахвоціў усіх прысутных на святой Імшы верна трымацца гэтай важнай і высакароднай харызмы, рэалізоўваць і далей сваё пакліканне, дапамагаючы душам памерлых.

Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі руху праслухалі змястоўны аповед Анны Чайкоўскай на тэму «Анёлы і чысцец», у якой галоўны акцэнт быў зроблены на нашыя ўзаемаадносіны з Анёламі Ахоўнікамі. Яны не толькі спадарожнічаюць нам у зямным жыцці, але і суправаджаюць нас у чыстцы.

Дзякуючы гэтым нябачным заступнікам многія душы, часова адарваныя ад Нябеснага Айца, лягчэй перажываюць ачышчальныя цярпенні, бо бачаць сваіх Анёлаў, якія няспынна працягваюць кантактаваць з Панам Богам і праз гэта з’яўляюцца як бы Яго ратавальным водбліскам для бедных душаў. Падрабязней на гэтую тэму можна прачытаць у артыкуле «Анёлы і чысцец», змешчаным на сайце apostalstva.by.

Плёнам гэтай штогадовай сустрэчы стала не толькі сумесная малітва, але і актывізацыя ўсяго руху, які папоўніўся новымі ўдзельнікамі, гатовымі штодзённа ахвяраваць хаця б невялікія намаганні для дапамогі церпячым.

Абноўлена 16.10.2018 16:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця