Пошук

08.10.2018 12:38   Паводле: catholicnews.by

Больш за 300 чалавек сталі ўдзельнікамі ІІ Ружанцовага кангрэса, які 6 кастрычніка прайшоў у катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве.

Геаграфія ўдзельнікаў была дастаткова шырокая: Бабруйск, Баранавічы, Маладзечна, Мядзел, Глуск, Браслаў, Мінск, Полацк, Санкт-Пецярбург, Варшава і г.д.

Як і ў мінулым годзе, мэта кангрэса, які арганізуюць айцы дамінікане, — духоўная і інтэлектуальная фармацыя асоб, якія горача моляцца на ружанцы. У гэтым годзе асаблівым апекуном кангрэса быў св. Тамаш з Аквіна.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці, прыгадаў гісторыю стварэння першага Ружанцовага кангрэса ў Магілёве.

«Летась Касцёл святкаваў 100 гадоў з дня аб’яўлення Найсвяцейшай Панны Марыі ў Фаціме, якая асабліва прасіла маліцца на Святым Ружанцы аб навяртанні, аб абнаўленні.

Айцы дамінікане, якія служаць тут, у прыватнасці а. Раман Шульц ОР, прапанавалі арганізаваць першы Ружанцовы кангрэс. У мінулым годзе ўдзел у ім прынялі 230 чалавек: кангрэс быў не толькі прыгожы знешне, але вельмі глыбокі тэматычна. Калі развітваліся, амаль усе прасілі працягваць далей гэтую ідэю», — адзначыў біскуп Аляксандр.

Першым дакладам, які адкрываў кангрэс сёлета, стала выступленне а. Віталія Сапегі OP пра «Жыццё святога Тамаша Аквінскага, доктара Касцёла».

Паводле слоў дакладчыка, трэба заўсёды глядзець на гістарычны кантэкст жыцця святога. Святы Тамаш казаў мала, шмат разважаў і заглыбляўся ў малітве. У нашым жыцці мы павінны карыстацца верай і розумам. Падсумаваннем жыцця святога з’яўляецца пошук праўды, ідэал убоства, жыццё ў супакоі, цішыні і засяроджанасці.

Пасля прагучаў даклад айца Міхала Ермашкевіча ОР пад назвай «Каментарый св. Тамаша Аквінскага да малітваў „Ойча наш”, „Вітай, Марыя” і Credo».

Дакладчык прадставіў пяць рысаў добрай малітвы: упэўненая, правільная, упарадкаваная, пабожная, пакорная.  Па прыкладзе св. Тамаша трэба ведаць, чаго жадаць, да чаго імкнуцца і чаго пазбягаць у сваім жыцці.

Пасля абеду да сабраных з дакладам і прэзентацыяй кнігі «Святы Тамаш, прачытаны нанова» звярнуўся Алесь Жлутка. Апошнім свой даклад прадставіў а. Марыян Ханусэк OP на тэму «Святы Тамаш — вучань і настаўнік. Любоў да Святога Пісання».

Кульмінацыйным момантам другога Ружанцовага кангрэсу стала святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

«Эўхарыстыя азначае падзяку Богу Усемагутнаму за тыя ласкі і дары, якія мы сёння атрымалі, — зазначыў на пачатку Імшы біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. — Эўхарыстыя — гэта спатканне з жывым і праўдзівым Богам у Яго слове і Целе, каб мець сілы, мудрасці і дастаткова адвагі, каб ісці разам да Нябеснага Валадарства».

Віцебскі ардынарый падзякаваў біскупу Аляксандру і айцам дамініканам за арганізацыю гэтага кангрэса і за тое, што разам з Марыяй крочаць наперад.

«Вельмі важна адзначыць — сёння Каталіцкі Касцёл Усходу Беларусі (Віцебск і Магілёў) сабраўся разам. Мы не адны. Каталіцкая вера трывае і яна жывая», — адзначыў біскуп.

Абноўлена 08.10.2018 16:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.