Пошук

01.10.2018 10:58   Тэкст: Кс. Юрый Дрозд / Фота: бр. Корнэль Консэк SVD / Catholic.by

29 верасня, у свята св. Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, у катэхетычным каледжы імя біскупа Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах афіцыйна распачаўся чарговы навучальны год. Урачыстую інаўгурацыю з удзелам выкладчыкаў, студэнтаў і выпускнікоў каледжа ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Іерарх сёлета адзначае 20-ю гадавіну біскупскага пасвячэння, з чым яго і павіншавалі ўдзельнікі ўрачыстасці. У гаміліі падчас інаўгурацыйнай св. Імшы наступнік на біскупскай кафедры біскупа Лазінскага, чыё імя носіць навучальная ўстанова, заклікаў паразважаць над заданнямі катэхета ў сучасным свеце.

Між іншым, біскуп Антоні адзначыў:

«Катэхеза ў нашыя дні — гэта вялікае місійнае заданне. Патрабаванні да катэхетаў большыя, чым да іншых вернікаў. Ад іх патрабуецца асаблівая адвага і мужнасць. Але сам Езус, Пан і Настаўнік, падбадзёрвае, кажучы: „Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку“ (пар. Мц 28, 20)».

Пасля св. Імшы адбылося ўручэнне дыпломаў выпускнікам, а навучэнцы першага курса атрымалі студэнцкія білеты і заліковыя кніжкі. На першы курс у гэтым навучальным годзе было прынята 26 чалавек з розных парафій нашай краіны.

Афіцыйную частку інаўгурацыі дапоўніла прэзентацыя філасофска-тэалагічнага часопіса Studia Aquinalia, які выдаецца ў духоўнай семінарыі ў Пінску. Пра часопіс распавёў яго стваральнік кс. доктар Адам Дынак, які з’яўляецца віцэ-рэктарам семінарыі і таксама выкладае ў катэхетычным каледжы.

Паводле традыцыі, што склалася за гады існавання навучальнай установы, выпускнікі павіншавалі першакурснікаў і падрыхтавалі для іх падарункі. Другі курс прадставіў забаўляльную праграму. Дзень інаўгурацыі завяршыўся супольнай урачыстай вячэрай.

Абноўлена 01.10.2018 17:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.