Пошук

24.09.2018 12:07   Тэкст: кс. Артур Малафей / Фота: Аліна Пяценка / Catholic.by

22 верасня ў Слоніме прайшоў XIV турнір парафіяльных камандаў па міні-футболе памяці св. Яна Паўла ІІ, у якім перамагла каманда з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча з Сапоцкіна (Гродзенская дыяцэзія).

Сёлета за права стаць лепшымі ў міні-футболе спаборнічалі 17 каманд з усёй Беларусі.

У турніры ўзялі ўдзел каманды з Докшыцаў (Віцебская дыяцэзія); з Воранава, Грандзічаў–Путрышак, 4 каманды з Гродна, каманды з Іўя, Сапоцкіна, 3 каманды са Слоніма (Гродзенская дыяцэзія); каманды з Беразінскага, Маладзечна, Мінска (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія); з Баранавічаў, Жабінкі і Новай Мышы (Пінская дыяцэзія).

Удзельнікаў турніру гасцінна прымала слонімская парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Перад спаборніцтвамі ўсе ўдзельнікі разам памаліліся на св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў кс. Ігар Анісімаў, дэкан Слонімскі. Божае слова падчас Імшы прамовіў кс. Антоні Абухоўскі, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча з Сапоцкіна.

У гаміліі святар падкрэсліў, што Бог няспынна заклікае чалавека да святасці, жывым прыкладам чаго з’яўляецца асоба св. Яна Паўла ІІ. Пры гэтым кс. Антоні адзначыў, што святы Папа сам займаўся спортам, граў у футбол і вёў актыўны лад жыцця, што не перашкодзіла, а наадварот, дапамагло яму на шляху рэалізацыі ягонага паклікання.

Пасля Імшы ўдзельнікі спаборніцтваў пазнаёміліся з відэахронікай леташняга турніру, а потым скіраваліся на поле, дзе перад пачаткам спартовых баталій іх прывітаў трэнер футбольнага клубу «Слонім» Аляксей Шубянок.

У выніку жараб’ёўкі, што адбылася напярэдадні, каманды былі падзелены на чатыры групы. Правёўшы па тры матчы ў сваіх групах, удзельнікі выявілі пераможцаў. Пасля смачнага абеду адбыліся матчы за выніковыя месцы. Гульні праходзілі ў бескампраміснай барацьбе, неаднойчы іх вынік вырашалі пенальці.

У матчы за трэцяе месца каманда з Воранава перайграла каманду з Маладзечна, а фінальная гульня стала ўпрыгожаннем усяго турніру. Каманда з Сапоцкіна з лікам 1–0 вырвала ў ёй перамогу ў каманды з Грандзічаў–Путрышак.

Падчас узнагароджання акрамя кубкаў і медалёў пераможцам былі таксама ўручаны прызы лепшым гульцам кожнай з каманд-удзельніц. Лепшым гульцом турніра быў прызнаны Аляксандр Лаўрыш (Сапоцкін), лепшым бамбардзірам — Аляксандр Карповіч (Беразінскае), лепшым галкіперам — Андрэй Ранцаў (Грандзічы), а прыз глядацкіх сімпатый атрымала каманда з Жабінкі.

Напрыканцы ўсе гульцы атрымалі каштоўныя падарункі ад генеральнага спонсара турніру Баляслава Івашкі (ТАА «Віботорг»). Мерапрыемства завяршылася святочнай вячэрай.

Абноўлена 24.09.2018 17:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця