Пошук

28.08.2018 14:53   Тэкст: Настасся Голец / Фота: Людміла Казловіч / Catholic.by

25 жніўня адзначаецца ўспамін св. Юзафа Каласанса — заснавальніка Ордэна Пабожных Школаў (піяраў). У Беларусі айцы піяры нясуць сваё служэнне ў Шчучыне, Лідзе (Гродзенская дыяцэзія) і Чавусах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Для парафій Шчучына і Ліды 2018 год асаблівы. Сёлета адзначаецца 300-годдзе прыбыцця піяраў у Шчучын і 10-годдзе асвячэння касцёла св. Юзафа Каласанса ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны (Ліда, мікрараён Індустрыяльны). Таму II Агульнабеларускія піярскія моладзевыя інтэлектуальныя гульні было вырашана прымеркаваць да гэтых «круглых» датаў.

26 жніўня на тэрыторыі шчучынскай парафіі сабралася пяць камандаў: чатыры — са Шчучына («Вітольдаўны», «Шчучын», «Апакаліпсіс», «Паўлюс і кампанія») і каманда з Ліды («226»). Арганізатарам гульні ўжо па традыціі стаў Аляксандр Снапко.

Гульня складалася з 5 тураў, у кожным з якіх моладзь павінна была паказаць свае веды ў вобласці рэлігіі, гісторыі Паўсюднага Касцёла і Касцёла на Беларусі. У першым туры трэба было вызначыць, ці дадзеныя факты на рэлігійную тэматыку з’яўляюцца праўдзівымі, ці не. У другім з прапанаваных адказаў трэба было выбраць адзін правільны.

У трэцім туры кожная каманда па чарзе выбірала пытанне з адной з наступных катэгорый: Біблія, Касцёл у Беларусі, Паўсюдны Касцёл, музыка ў Касцёле, піяры, святыя. Традыцыйна найбольш папулярнай катэгорыяй была «Музыка ў Касцёле», аднак і ў астатніх тэмах каманды таксама былі на вышыні.

Чацвёрты тур быў даволі складаны, таму што ў ім каманды павінны былі знайсці адказ на пытанне самастойна (не былі дадзены варыянты адказаў). Некаторыя пытанні патрабавалі добрага ведання Бібліі, жыцця святых, а на некаторыя можна было адказаць, абапіраючыся на логіку. Пяты тур меў назву «Лічбы». У ім трэба было даць як мага больш дакладны адказ на пытанне. Напрыклад, колькі разоў ужываецца слова «Тройца» ў Бібліі.

У выніку турнірная табліца інтэлектуальнага спаборніцтва выглядае наступным чынам:

  • 1 месца: «226» (27 балаў) — Ліда;
  • 2 месца: «Вітольдаўны» (26 балаў) — Шчучын;
  • 2 месца: «Шчучын» (26 балаў) — Шчучын;
  • 3 месца: «Апакаліпсіс» (23 бала) — Шчучын;
  • 4 месца: «Паўлюс і кампанія» (20 балаў) — Шчучын.

Такім чынам, моладзь не толькі адзначыла важныя падзеі, якія адбываюцца ў іх парафіях, але і добра правяла свой вольны час.

 

Абноўлена 28.08.2018 23:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця