Пошук

20.08.2018 07:00   Тэкст: Таццяна Навіцкая / Фота: Дзяніс Казачэнка / Catholic.by

Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая адзначалася 15 жніўня, ў касцёле св. Юзафа Каласанса ў Лідзе (Індустрыяльны) з'яўляецца парафіяльным адпустам. Урачыстасць стала асаблівай для парафіі яшчэ і таму, што ў гэты дзень тут адбылося благаслаўленне новай званіцы.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Ён разам з вернікамі распачаў Эўхарыстыю працэсіяй вакол касцёла да месца, дзе ўсталявана званіца з трыма званамі.

Кожны звон атрымаў сваю назву. Першы звон — самы малы, вагой у 60 кілаграмаў — названы ў гонар Вялікага Папы св. Яна Паўла ІІ, падчас пантыфікату якога была заснавана парафія, дзе з самага пачатку служаць айцы піяры. Другі звон — сярэдні, вагой у 100 кілаграмаў — названы ў гонар святога Юзафа Каласанса, заснавальніка Ордэна піяраў, які таксама з’яўляецца апекуном парафіяльнай святыні. Трэці звон — самы вялікі, вагой у 190 кілаграмаў — названы ў гонар тытулу парафіі: Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

На ўрачыстасці прысутнічала шмат духавенства з Лідскага дэканату, а таксама запрошаныя госцi з Польшчы. Згодна з традыцыяй свята, як на працягу стагоддзяў гэта рабілі нашы продкі, вернікі прынеслі ў касцёл букеты кветак і сабраныя плады. У малітве яны дзякавалі Богу за сёлетні ўраджай, нагадваючы сабе, што гэта Ён дае ўсялякае дабро.

На гэтым тыдні ў парафіі праходзяць «Канікулы з Богам», таму на Імшы прысутнічала вялікая колькасць дзяцей і моладзі, якія, як і штогод, праводзяць тут свой летні адпачынак.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што гэтая ўрачыстасць, калі адбываецца благаслаўленне званоў, — гістарычная падзея для лідскай парафіі, бо званы ў каталіцкай традыцыі маюць важную і ўзнёслую функцыю.

Абноўлена 20.08.2018 12:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа