З 26 ліпеня па 7 жніўня ў вёсцы Мажэйкі Пастаўскага раёна адбыўся арганізаваны салезіянамі для хлопцаў летнік ProVocatio, які традыцыйна скіраваны на духоўнае ўзрастанне юнакоў і дапамагае ў распазнаванні жыццёвага паклікання. Назву ProVocatio можна перакласці з лаціны як «за пакліканне».
Сёлета летнік для юнакоў праходзіў пад дэвізам «Леў і Баранак». У гэтых двух біблійных сімвалах удзельнікі пазнавалі Езуса з Назарэта і стараліся наблізіць рысы як духоўнага льва, так і баранка да свайго жыцця. У гэтую тэматыку яны заглыбляліся з дапамогай духоўных канферэнцый, размоў і разважанняў.
Удзельнікі штодзённа разам узносілі хвалу Богу на Літургіі гадзінаў, праводзілі ранішнюю медытацыю, маліліся Ружанец, чыталі Святое Пісанне па метадзе Lectio Divina і сузіралі Пана ў Адарацыі, якая завяршала дзень. Акрамя гэтага, юнакам было прапанавана шмат гульняў, якія спрыялі стварэнню ў летніку сяброўскай атмасферы і радаснаму настрою ўдзельнікаў.
Адметнасцю сёлетняга летніка былі падарожжы. Хлопцы разам з выхаваўцамі наведалі ў пілігрымцы браслаўскі санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў, касцёлы ў Відзах, Слабодцы, Дунілавічах, Лучаі, Камаях, Паставах, Мосары, Глыбокім і ў аграгарадку Удзела.
У Мосары хлопцы ўзышлі Крыжовым шляхам на гару, дзе ўзвышаецца самы вялікі крыж у Беларусі. Кульмінацыяй падарожжаў была пілігрымка ў Росіцу на ўрачыстасці, прысвечаныя благаслаўлёным мучанікам ксяндзам марыянам Антонію Ляшчэвічу і Юрыю Кашыру.
Летнік ProVocatio быў цікавы і багаты на падзеі. Яго ўдзельнікі на заканчэнне падзякавалі арганізатарам і выказалі надзею сустрэцца зноў у наступным годзе.