У Бараўлянах пад Мінскам, у Смаргоні і ў Мінску прайшлі арганізаваныя ў мясцовых салезіянскіх супольнасцях тэматычныя «Канікулы з Богам».
Нягледзячы на тое, што многія дзеці ад’язджаюць на лета да бабуль і дзядуляў на вёску, у салезіянскіх летніках было шмат дзяцей і моладзі, якія пажадалі весела і з карысцю правесці свой летні час і наблізіцца да Бога.
У араторыі імя св. Дамініка Савіо, які дзейнічае пры парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах з 16 па 21 ліпеня, разам з сястрой Люцыяй Бальцэвіч FMA і клерыкам Юрыем Пашкаўцом SDB дзеці заглыбіліся ў тэму «Сям’я — гэта скарб у маіх руках».
На працягу шасці дзён удзельнікі летніка адкрывалі якасці, якія павінны прысутнічаць у кожнай сям’і. Дапамагаў у гэтым герой казкі французскага пісьменніка Антуана дэ Сент-Экзюперы Маленькі прынц. Падчас вакацый дзеці даведаліся, што неабходна прымаць сям’ю як дар, што ў сям’і неабходна любіць адзін аднаго, паважаць, намагацца зразумець, прабачаць. Найлепш дасягнуць гэтага можна тады, калі члены сям’і моцна вераць у Бога і прымаюць Яго любоў. Дзеці таксама больш даведаліся пра Святую Сям’ю: Езуса, Марыю і Юзафа. Менавіта ў гэтай Сям’і мы знаходзім усе пералічаныя вышэй якасці.
У першы дзень канікул адбылося адкрыццё і асвячэнне кухні і сталовай араторыя, дзе дзеці кожны дзень з вялікім апетытам елі смачныя сняданкі, абеды, падвячоркі і вячэры.
«Канікулы з Богам» сталі магчымасцю весела правесці час разам, маліцца, гуляць, навучыцца пячы торт, рабіць прыгожыя свечкі, развіць і прадэманстраваць свае мастацкія, тэатральныя і іншыя таленты, знайсці новых сяброў і проста адпачыць.
Тым часам іх аднагодкі з 9 па 20 ліпеня ў араторыі імя св. Яна Боско ў Смаргоні ўдзельнічалі ў «Канікулах з Богам» на тэму «Любоў і дапамога — гэта шлях да Бога». У смаргонскім летніку бралі ўдзел больш за 90 дзяцей разам з аніматарамі: дыяканам Артурам Ляшнеўскім SDB і сястрой Дар’яй Еўтухоўскай FMA. На «Канікулах з Богам» іх натхняў прыклад жыцця благаслаўлёнай Лаўры Вікуньі, на магіле якой напісана: «Яе жыццё было паэмай цнатлівасці, любові і ахвяры за маці».
Удзельнікі летніка былі падзелены на шэсць каманд, у складзе якіх яны разам маліліся і гулялі, адпачывалі і адначасова дапамагалі адно аднаму ўзрастаць у веры. Адметнай рысай сёлетніх канікулаў у смаргонскім араторыі можна назваць падарожжы. Удзельнікі летніка разам з арганізатарамі наведалі Мінск, а таксама здзейснілі першую дзіцячую пілігрымку да Маці Божай у Гудагай.
У араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры мінскай парафіі св. Яна Хрысціцеля (мікрараён Серабранка), з 9 па 18 ліпеня таксама праходзілі «Канікулы з Богам» на тэму «Слухаць і суправаджаць разам з благаслаўлёнай Лаўрай Вікуньяй».
На працягу васьмі дзён 37 дзетак разам з аніматарамі, кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB і с. Валянцінай Кот FMA, на прыкладзе жыцця бл. Лаўры Вікуньі разважалі над сваім жыццём і шляхам да святасці. Чаму для бліжэйжашага знаёмства была абрана менавіта асоба бл. Лаўры Вікуньі? Таму што яна з’яўляецца прыгожым і яскравым прыкладам, якім як быццам кажа: «Святасць магчымая для кожнага!»
Восем дзён, розныя тэмы і пытанні, якія дапамаглі ўдзельнікам летніка паразважаць над сваім шляхам да святасці. Падчас вакацый дзеці мелі магчымасць адпачыць і задумацца над тым, кім з’яўляюцца і куды ідуць, што галоўнае ў іх жыцці.
Кульмінацыйным момантам летніка стаў традыцыйны канцэрт, падчас якога дзеці разам з аніматарамі маглі падзяліцца са сваімі бацькамі запалам і радасцю, якія атрымалі ад удзелу ў «Канікулах з Богам».