Будслаўскі фэст — гэта вялікае рэлігійнае свята, якое мае таксама неад’емную культурную складаную. Сёлета тут адбудзецца прэзентацыя Новага Запавету па-беларуску, а на традыцыйным кірмашы можна будзе набыць цікавыя кніжныя навінкі, календары і літаратуру, прысвечаную Будславу.
2 ліпеня, непасрэдна перад галоўнай св. Імшой урачыстасці, у 10.20 пройдзе прэзентацыя першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове.
Праца над гэтым перакладам ішла 15 гадоў. Як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, «прымаючы пад увагу тое, што беларуская касцёльная мова, у тым ліку біблійная, знаходзіцца ў стадыі станаўлення і патрабуе ўдасканалення, праца перакладчыкаў насіла не толькі і не столькі тэхнічны, колькі, перадусім, творчы характар».
У шапіках выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo» і Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай можна будзе набыць выданні, прысвечаныя Будславу.
«Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай». Выданне прысвечана Нацыянальнаму санктуарыю Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. Кніга распавядае пра гісторыю Будслава і будслаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у ёй падаюцца гістарычныя і іконаграфічныя звесткі пра будслаўскі абраз Божай Маці, аналізуюцца яе спісы і прыводзяцца сведчанні вернікаў пра цуды, звязаныя з гэтым абразом.
У кнізе таксама даследуецца гісторыя і падаецца падрабязнае апісанне старажытнага алтара, створанага спецыяльна для цудадзейнага абраза; прыводзяцца звесткі пра адраджэнне і рэстаўрацыю Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе. Гэтае выданне можна набыць як на на беларускай, так і на рускай мовае.
У кнізе «Абраз Маці Божай Будслаўскай» мастацтвазнаўца Аляксандр Ярашэвіч даследуе гісторыю культу абраза Маці Божай Будслаўскай на Беларусі. Кніга вытрымала ўжо два выданні і карыстаецца нязменным попытам у чытачоў.
У кнізе а. Фларэнтына Піваша OFM змешчана «Навэнна да Маці Божай Будслаўскай», якая дапаможа вернікам паглыбіць сваю веру і любоў да Панны Марыі і Езуса Хрыста, духоўна падрыхтавацца да сустрэчы з цудатворным абразом у будслаўскім санктуарыі, узбагаціць уласную малітоўную практыку.
Разважанні на паасобныя дні навэнны пабудаваны на аснове благаслаўленняў Хрыста, пра якія ішла гутарка ў Казанні на гары. У выданне ўключаны таксама некаторыя іншыя малітвы, якімі можна разнастаіць набажэнства да Маці Божай Будслаўскай.
У шапіках можна будзе набыць таксама іншую духоўную літаратуру, календары з рэлігійнымі святамі на наступны год, абразы, свечкі і спецыяльныя папяровыя накладкі на свечкі са святымі выявамі і малітвамі, якія абароняць вернікаў ад зла, рукі — ад гарачага парафіну, а полымя свечкі падчас працэсіі не дадуць задзьмуць ветру.