Пошук


16 чэрвеня стартавала першая і самая доўгая пілігрымка ў Беларусі. Брэст–Будслаў. Мы распыталі ўдзельнікаў пілігрымкі аб тым, чаму варта ісці пешшу ў Будслаў.

«Пакуль не сходзіш у пілігрымку, не зразумееш, што яна можа табе даць»

 

Карына Клімашэўская, Мінск:

«Сёлета я ўзяла водпуск на ўсе 16 дзён пілігрымкі. Іду ў пілігрымку, каб зразумець, ці сапраўды справа, якой цяпер займаюся — гэта маё. У папярэдні раз у мяне была просьба да Бога.

Ён выканаў яе не так, як я хацела, а так, як для мяне было лепш. Пакуль не сходзіш у пілігрымку, не зразумееш, што яна можа табе даць, на словах не растлумачыш».


Ян Пятліцкі, Баранавічы:

«Варта ісці ў пілігрымку не дзеля, як здавалася б, першаснай мэты — прайсці шмат кіламетраў і дайсці да Будслава. Пайсці трэба таму, што гэты шлях змяняе — кагосьці крыху, кагосьці радыкальна, ну і вывучыць новыя пабожныя спевы (усміхаецца — заўв. рэд.).

У гэтым годзе я іду, каб падзякаваць Богу за сваю нявесту Наташу і за нашу музычную супольнасць Ubi Сaritas. У пілігрымцы я зразумеў, што Касцёл не столькі будынак, колькі менавіта супольнасць».


Ганна Лясота, Брэст:

«У мяне ёсць інтэнцыі, якія я хачу менавіта пешшу данесці да Маці Божай. Сёлета я скончыла школу і хачу папрасіць у Бога дапамогі ў выбары правільнага шляху, прасіць аб паступленні ў ВНУ, калі на гэта Яго воля.

Я пайшла ў пілігрымку другі раз, пасля мінулага шляху ў мяне змяніўся падыход да жыцця, змяніліся адносіны з Богам і людзьмі, стала больш малітвы».


Эвеліна Смаль, Брэст:

«Іду ў Будслаў, каб праверыць сябе: ці змагу пераадолець цяжкасці і дайсці. Хочацца ўмацаваць веру, бо гэта звычайна адзін з плёнаў пілігрымак. У пілігрымцы лёгка пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, з якімі можна потым „ісці“ да Бога і тады, калі пілігрымка скончыцца.

Пасля мінулай дарогі казала сабе ў апошні дзень: „Ніколі і не за якія грошы не пайду зноў“, бо шлях тады быў няпростым. Потым, стоячы на каленях каля абраза Маці Божай Будслаўскай, ужо прыняла рашэнне ісці ў наступным годзе».


Віталій Міцкевіч, Пінская духоўная семінарыя/Пелішча:

«Пілігрымка можа даць шмат плёнаў, напрыклад, удзел у ёй дапамог мне адважыцца пайсці ў семінарыю. У пілігрымцы можна больш даведацца пра сябе і іншых — тут доўга не паносіш тых масак, якія мы прызвычайваемся „апранаць“ у штодзённасці».


Галіна Смык, Брэст:

«Пілігрымка дае духоўныя сілы на цэлы год. Яна дапамагла мне больш палюбіць Беларусь: адкрыць прыгажосць нашай Бацькаўшчыны і тое, якія ў нас добрыя людзі».


Галіна Жук, Брэст:

«Некаторыя людзі жывуць пасіўна, кажучы сабе, што яны яшчэ не гатовыя да перамен у жыцці. Зрабіць рашучы крок і пайсці ў пілігрымку можа быць добрым пачаткам. Сёлета я іду, каб маліцца за нечакана памерлага свайго пляменніка. Ён не маліўся, не хадзіў у касцёл. У нейкім сэнсе гэта мая місія  — выпрасіць для яго неба».

Абноўлена 21.06.2018 10:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.