Пошук

15.06.2018 12:28   Тэкст: Кс. Аляксандр Грыцкевіч / Фота: удзельнікі сустрэчы / Паводле: catholicnews.by / Catholic.by

З 12 па 14 чэрвеня ў парафіі св. Антонія Падуанскага ў Паставах праходзіла сустрэча хлопцаў Віцебскай дыяцэзіі. Яна сабрала міністрантаў і кандыдатаў да службы пры алтары з Глыбокага, Варапаева, Шаркаўшчыны, Улы, Параф’янава. Найбольш удзельнікаў было з саміх Паставаў.

Сімвалічна, што сустрэча адбылася ў 30-ю гадавіну аднаўлення дзейнасці пастаўскага касцёла св. Антонія — святыні, адроджанай дзякуючы руплівасці кс. Яна Шуткевіча, які год таму адышоў у вечнасць.

Тэмай сустрэчы стала распазнанне паклікання. Пад кіраўніцтвам кс. Мікалая Ціхановіча і кс. Аляксандра Грыцкевіча юнакі разважалі над выбарам жыццёвай дарогі. Націск быў зроблены на пакліканне, якое Бог дае кожнаму чалавеку.

Як адзначыў кс. Мікалай, арганізатары сустрэчы не ставілі перад сабой мэту «наштампаваць» кандыдатаў у семінарыю, а імкнуліся дапамагчы юнакам сустрэць Бога ў сваім жыцці і адчуць Яго прысутнасць як Міласэрнага Айца.

Таму разважанні і духоўныя настаўленні былі скіраваныя на адкрыццё паклікання служыць Богу не толькі ў якасці святара, але і мужа, бацькі, адказнага грамадзяніна, прафесіянала сваёй справы.

13 чэрвеня, падчас святкавання парафіяльнага фэсту св. Антонія Падуанскага, хлопцы мелі магчымасць служыць пры алтары на св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў Віцебскі біскуп Алег Буткевіч.

Пастыр дыяцэзіі перасцярог хлопцаў, каб яны не бралі прыклад з сапсаванага грахом свету, і адзначыў важнасць выхавання юнакоў на хрысціянскіх каштоўнасцях. Прыкладам такога выхавання быў св. Антоній, які адказаў Богу на голас паклікання і ў служэнні Богу і людзям дасягнуў святасці.

На заканчэнне сустрэчы яе ўдзельнікі абмяняліся ўражаннямі. Многія з іх казалі, што атрымалі шмат карыснай інфармацыі, а таксама адказы на свае пытанні.

Сустрэча, на іх думку, дала ім магчымасць падзяліцца сваім сведчаннем веры і паразмаўляць са святарамі ў нефармальных абставінах. Святары, у сваю чаргу, падзякавалі хлопцам за дысцыпліну і парадак, адзначылі іх жаданне паглыбляць сваю веру і выказалі надзею, што такія сустрэчы будуць працягвацца.

Абноўлена 15.06.2018 12:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа