Пошук

10.06.2018 08:15   Тэкст: біскуп Юзаф Станеўскі / Catholic.by
© Марына Сінкевіч – Catholicnews.by

Дарагія, сёлетняя працэсія Божага Цела ў нашых парафіях ужо стала гісторыяй.

Мы праглядаем фотаздымкі ў сеціве, дзелімся імі ў сацыяльных сетках і ставім «лайкі», паказваем прыгажосць нашых дзяцей у працэсіі, якія сыпалі кветкі ці ішлі са званкамі.

На здымках нямала і моладзі. Але ўсё больш нашых вернікаў застаецца ля касцёла назіраць за працэсіяй, бо здароўе ўжо не дазваляе ісці разам з усімі.

Часта чуваць пытанне: «Больш ці менш было сёлета вернікаў у працэсіі»? Хтосьці адкажа: «Не лічбамі мераецца вера», — і будзе мець рацыю.

Пры гэтым хацелася б спытацца ў сябе і ў вас: ці заўсёды, калі ўваходзім у касцёл, мы гаворым: «Няхай будзе пахвалёны Найсвяцейшы Сакрамэнт…»? Традыцыйна паўтараем гэтыя словы тройчы, каб праславіць Бога Айца, Сына Божага і Духа Святога — Адзінага Бога.

Адарацыя і ўсведамленне: гэта Ты, Пане, прыгожы ў сваёй велічы — не я, гэты Ты багаты міласэрнасцю і прабачэннем — не я, гэта Ты ахвяраваў мне жыццё — не я, гэта Ты маеш моц перамяніць свет — не я, гэта Ты прамаўляеш найпрыгажэй — не я, гэта Цябе адаруюць і ўшаноўваюць людзі — не мяне. Але ўсё Тваё — для мяне і для цэлага свету.

Падчас Апошняй Вячэры Апосталы пачулі з вуснаў Езуса: «Бярыце і ешце, гэта Цела Маё». А потым: «Піце з яго ўсе, бо гэта Кроў Мая Новага Запавету, якая будзе праліта за многіх дзеля адпушчэння грахоў». Гэтыя словы, якія пачулі апосталы і якія мы сёння чуем на кожнай Імшы, сведчаць пра тое, што Езус жадае, каб мы Яго спажывалі, каб прымалі Яго ў святой Камуніі ў сваё сэрца.

Ад Сэрца Божага да майго сэрца. Бо калі мы прымаем Цела Хрыста, уваходзім у Камунію з Езусам, злучаем нашае жыццё з Яго жыццём. Пра гэта Езус добра ведаў, таму прыняў постаць хлеба, каб праз штодзённае спажыванне кожны дзень набліжаць нас да святасці.

Святы Павел кажа пра гэта, калі піша да Карынцянаў: «Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста, Адзін ёсць Хлеб, адно Цела — мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго хлеба».

Папа Бэнэдыкт XVI на гэтую тэму разважаў так: мы спажываем ежу для падтрымання арганізма, а Эўхарыстыя — гэта іншы хлеб. Не мы яго засвойваем, а Ён нас засвойвае, бо мы становімся падобнымі да Хрыста, яднаемся з Ім, і гэта, на думку Папы, — самае галоўнае. Хрыстус у святой Камуніі перамяняе нас у сябе.

Tой, хто прымае Езуса ў Камуніі толькі вуснамі, не адкрываючы перад Ім сэрца, будзе насычаны толькі хлебам, а той, хто прымае Яго з верай, наталяе душу моцай Божай.

Святы Тамаш Аквінскі ў славутым эўхарыстычным гімне Pange lingua спявае: «Што нам розум не тлумачыць, святло веры прынясе».

Дарагія браты і сёстры ў Пану, ці разважаем мы пра рэальную прысутнасць Бога ў святой Камуніі?

Пане, павяліч маю веру ў Тваю прысутнасць у Найсвяцейшым Сакрамэнце, каб з гэтага часу я свядома супрацоўнічаў з Табой дзеля супакою і згоды ў свеце.

Абноўлена 10.06.2018 14:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа