21 мая, калі ўпершыню ва ўсім Касцёле адзначаўся ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла, у нацыянальным марыйным санктуарыі ў Будславе па ініцыятыве манаскіх супольнасцяў адбылася сустрэча кансэкраваных асобаў Беларусі.
Дзякуючы за дар кансэкраванага жыцця, законнікі і законніцы супольна правялі адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзельнічалі ў святой Імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, а таксама засяродзіліся над галоўнымі Боскімі цнотамі — верай, надзеяй і любоўю ў жыцці кансэкраваных асобаў.
Духоўнае настаўленне на гэтую тэму прамовіў кармэліт а. Юрый Кулай OCD з Мядзеля.
Біскуп Юрый Касабуцкі ў сваёй гаміліі падкрэсліў важнасць дару кансэкраванага жыцця для Беларусі, праяўленне адданага служэння шматлікіх ордэнаў у разнастайных сферах, а таксама звярнуў увагу прысутных на той факт, што ўсе кансэкраваныя асобы, хоць знаходзяцца ў розных ордэнах і супольнасцях, пакліканы адным Богам і з’яўляюцца аднадумцамі ў служэнні Касцёлу, пазбягаючы непатрэбнай канкурэнцыі.
Сустрэча манаскіх супольнасцяў, якія нясуць служэнне ў Беларусі, праходзіла ў тым ліку ў межах святкавання юбілею 20-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.