З 1 па 3 мая ў Варшаве адбыўся Правінцыяльны Сінод Маладых, у якім прыняла ўдзел дэлегацыя піярскай моладзі з Беларусі (Шчучын і Ліда) на чале з а. Аляксандрам Махначом SP.
У кастрычніку бягучага года ў Рыме адбудзецца Сінод Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Гэта не толькі Сінод пра моладзь, але Сінод з удзелам моладзі, бо, як патлумачыў сам папа Францішак, існуе моладзь, якая слухае Духа Святога і можа дапамагчы растлумачыць розныя справы. «Такім чынам Касцёл хоча пачуць голас маладых, спазнаць іх далікатнасць, веру, а таксама сумневы і крытыку», – сказаў Пантыфік.
Піяры на працягу 400 гадоў свайго існавання спадарожнічаюць моладзі на шляху веры і распазнавання паклікання. Таму Генеральны настаяцель Ордэна Пабожных Школ (піяраў) а. Пэдро Агуадо Куэста SP заклікаў усіх звязаных з піярскім душпастырствам моладзі ў школах і парафіях ва ўсім свеце арганізаваць Сінод, які будзе часткай Сінода Біскупаў. Мясцовыя Сіноды ўжо адбыліся ва ўсіх піярскіх школах і парафіях.
Першы дзень Правінцыяльнага Сінода ў Варшаве (Секеркі) урачыста адкрыў а. Юзаф Матрас SP, правінцыял Польскай правінцыі Ордэна піяраў, які нагадаў пра ідэю Сінода. Затым адбылася праца ў групах, дзе моладзь адказвала на пытанні, падрыхтаваныя дзякуючы раней запоўненым анкетам. Першы дзень Сінода завяршыўся супольным праслаўленнем Пана Езуса падчас адарацыі разам з гуртом NaNowo. Пасля ўдзельнікі адправіліся на начлег у Сулеювэк.
На пачатку другога дня Сінода біскуп Марэк Салярчык, адказны за душпастырства моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Польшчы, шырокай усмешкай прывітаў кожнага ўдзельніка сустрэчы асабіста.
Пасля супольнага сняданку з біскупам удзельнікам былі прадстаўлены графікі, якія з’яўляюцца дакладным аналізам даных з анкетаў.
Затым біскуп Марэк Салярчык правёў канферэнцыю на тэму «Да чаго біскуп заклікае моладзь?». Была магчымасць задаць іерарху пытанні.
Адбылася праца ў групах, дзе моладзь і піяры шукалі адказы на пастаўленыя пытанні, а потым кожная група рыхтавала тэкст паслання піярам.
Наступным пунктам праграмы была малітва – Вяночак дванаццаці зорак, складзены св. Юзафам Каласансам.
Цікавым досведам быў таксама «кірмаш добрых сведчанняў». Кожная школа і парафія мелі магчымасць прадставіць сваю акцыю, супольнасць, штосьці, што стварылі там, дзе яны знаходзяцца. Пасля ўсе выслухалі сведчанне сужэнства і айца піяра. Кульмінацыйным пунктам была супольная Эўхарыстыя. Лідары груп сфармулявалі афіцыйнае пасланне.
Трэці дзень пачаўся супольнай малітвай Ютрані. У Варшаўскіх Секерках адбылося падвядзенне вынікаў працы Правінцыяльнага Сінода Маладых. Былі падрыхтаваны:
- пасланне ўдзельнікаў Правінцыяльнага Сінода да піяраў
- пасланне свецкіх супрацоўнікаў да моладзі
- пасланне айцоў піяраў да моладзі.
На заканчэнне правінцыял Польскай правінцыі Ордэна піяраў а. Юзаф Матрас SP падзякаваў арганізацыйнаму камітэту Сінода, а таксама ўсім прадстаўнікам піярскіх школ і парафій за актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве.
Сінод завяршыўся ўрачыстай адпустовай Імшой, якую ўзначаліў біскуп Марэк Салярчык у санктуарыі Маці Божай Настаўніцы моладзі ў Варшаве (Секеркі).
У адпаведны час вынікі працы Сінода Маладых з усіх піярскіх правінцый будуць перададзены ў Ватыкан найвышэйшай уладай Ордэна Пабожных Школ.
Больш інфармацыі, відэа і фотаздымкаў можна ўбачыць на афіцыйнай старонцы Піярскага Правінцыяльнага Сінода Маладых.