Пошук

30.04.2018 14:41   Catholic.by

29 красавіка ў касцёле св. Андрэя, апостала, у в. Нарач (Мядзельскі дэканат) адбылося ўрачыстае святкаванне дня памяці святога Яна Паўла ІІ, прымеркаванага да 4-й гадавіны яго кананізацыі. Ганаровым госцем свята стаў Віцебскі біскуп Алег Буткевіч, які ўзначаліў з гэтай нагоды св. Імшу.

Хоць такія ўрачыстасці праходзяць у нарачанскай парафіі штогод, аднак кожная з іх мае свой адметны «смак», як выпечка мясцовых гаспадынь — удзельніц конкурсу «папскіх пірожных». Свята атрымалася не толькі «са смакам», але і з музыкай: адпаведны цудоўнаму веснавому дню светлы і радасны настрой стварыў выступ фальклорнага ансамбля «Паазер’е» Пастаўскай школы мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза.

Біскуп Алег, таксама ўраджэнец Паазер’я, а менавіта сінявокай Браслаўшчыны, упершыню ўзначаліў цэлебрацыю св. Імшы ў нарачанскай святыні на берагах самага вялікага возера нашай краіны. Іерарх прызнаўся, што сапраўды адчувае «прыміцыйны настрой», і выказаў захапленне прыгажосцю нарачанскага абраза Маці Божай, які нагадаў яму родны вобраз Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Сваю гамілію Віцебскі біскуп прысвяціў святасці, якая з’яўляецца пакліканнем кожнага хрысціяніна, што рэалізуецца ў штодзённым жыцці.

Пакліканне да святасці — гэта пакліканне да шчасця, якое дасягаецца толькі на шляху змагання з заганамі і набыцця цнотаў веры, надзеі і любові.

Пры гэтым іерарх не абмінуў і балючых праблем беларускага грамадства, такіх, як алкагалізм і самагубствы, прычына якіх крыецца ў глыбокім расчараванні і незадаволенасці жыццём з-за крызісу сапраўдных каштоўнасцяў і адсутнасці духоўных арыенціраў, пра якія сваім вучэннем, а таксама прыкладам свайго жыцця і цярпенняў так яскрава сведчыў св. Ян Павел ІІ.

На заканчэнне св. Імшы біскуп уручыў дыпломы лепшым нарачанскім гаспадыням і маленькім «гаспадарам», якія дапамагалі з выпечкай сваім матулям, а таксама ўдзельнікам дзіцячага конкурсу малюнкаў на тэму «Патрабуйце ад сябе, нават калі іншыя ад вас нічога не патрабуюць». Пасля ўзнагароджання ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці мелі магчымасць асабіста ўшанаваць рэліквіі св. Яна Паўла ІІ, якія з пашанай захоўваюцца ў нарачанскім касцёле.

Абноўлена 30.04.2018 15:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця