Пошук


Тэмам чысціні, служэння і любові была прысвечана праца ў групах на ІІІ сустрэчы каталіцкай моладзі Беларусі, якая праходзіць у Гродне.

Другі дзень сустрэчы распачаўся з тэматычных катэхез. Паўтары гадзіны дзяўчаты і хлопцы працавалі ў групах на чале з духоўнымі асобамі, абмяркоўваючы адну з васьмі тэмаў, а пасля прэзентавалі вынікі працы на вялікай сцэне.

Што цікава – за прэзентацыямі сачылі нават жыхары прылеглых шматпавярховікаў, выглядваючы на балконы і ўслухоўваючыся ў звонкі гул моладзі.

Тут былі не толькі сведчанні, спробы аналізу і самарэфлексіі жыцця сучаснага чалавека, але і песні, сцэнкі і нават адмысловы рэп.

Нататнік прэзентацыі: цытаты моладзі

“Чаму ў нас так мала пакліканняў? Можа, нам бракуе адвагі? -- задаваліся пытаннем маладыя людзі. – Давайце прысвячаць сваё жыццё Богу, не чалавеку. Будзем жа адважнымі ў гэтым заданні”.

“Вера і надзея робяць цуды. Сёння многія згубілі надзею, страцілі сэнс жыцця. Касцёл павінен быць знакам радасці, даючы надзею хворым да таго, як яны атрымаюць лекі. Памятайма пра гэта”.

“Клічуць на канцэрт любімага гурта ў Вялікую пятніцу? Што для цябе важнейшае? Любоў да Бога ці да гурта?”

“Мы пакліканыя да трываласці. Нават калі ў жыцці вельмі цяжка, мы зможам вытрымаць, калі будзем з Богам”.

“Чысціня пачынаецца з чысціні слова. Тое, як і што мы гаворым, уплывае на нас. Словамі мы будуем масты – трэба заўсёды звяртаць увагу на тое, што мы гаворым.

Вельмі важная чысціня позірку. Трэба вучыцца аналізаваць тое, што мы глядзім. Як гэта ўплывае на нас і чаму вучыць – добраму ці дрэннаму, як гэта ўплывае на нашы думкі і пачуцці.

Чысціня нашага сэрца – гэта сутнасць жыцця, наш навігатар, а 10 Запаведзяў – гэта не абмежавальнік, а тое, што нас перасцерагае; наш тормаз і чырвонае святло ў жыцці. Бо калі не спыняцца, можна трапіць у небяспеку, параніцца і нават забіцца.

Чалавек – гэта адзінства душы і цела. Трэба шанаваць чысціню душы і не раздаваць яе направа і налева, а захоўваць як важны падарунак, бо гэта – самае каштоўнае, што ёсць у кожнага з нас”.

***

"Важна, каб гэта ўсе нашы дыскусіі і размовы былі напоўнены Богам, бо калі гэта толькі павярхоўнае, то праз пэўны час эмоцыі знікнуць, а пустэча застанецца. Будзем імкнуцца да таго, каб падчас гэтых дзён моладзі мы маглі напоўніцца тымі дарамі, якія для нас Бог падрыхтаваў", -- заўважыла адна з сясцёр.

Сустрэча моладзі натхняе і дае шмат матэрыялу для разважанняў. Але куды важней, каб гэтыя думкі па-сапраўднаму закранулі сэрцы ўдзельнікаў і дапамаглі задумацца над сваім жыццём.

Абноўлена 30.04.2018 20:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця