Пошук

27.04.2018 08:00   Catholic.by

26 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ў мінскай архікатэдры памаліўся ў інтэнцыі ахвяр Чарнобылькай катастрофы.

Зыходзячы з Евангелля, якое Касцёл прапануе на чацвер чацвёртай велікоднай нядзелі, іерарх нагадаў вернікам, што апосталы называлі Езуса Настаўнікам, які ўсё ведае, як кажа святы апостал Пётр.

«Разважаючы аб Хрысце, мы таксама павінны памятаць, што Ён дзейнічае і сёння; Ён — Валадар сусвету і праз свой Касцёл прамаўляе, здзяйсняе цуды і аздараўляе, — зазначыў арцыбіскуп. — Ён, хоць і чалавек, як кожны з нас, але ў той жа час — Бог, які ў сваіх руках трымае ключы ад усіх спраў».

Паводле слоў іерарха, будучы Валадаром свету, Хрыстус становіцца слугой:

«У Ім Бог служыць чалавеку. Мы павінны толькі схіліць свае галовы перад Богам-слугой. Езус дае апосталам, а праз іх — усім нам прыклад служыць адзін аднаму».

«Быць слугой іншым — гэта нялёгкая справа, бо для гэтага неабходна мець пакору, — адзначыў Мітрапаліт. — Нялёгка было і Езусу, але Ён меў матывацыю: любоў да чалавека. Гэтая любоў аж да цярпенняў і крыжовай смерці збаўляе нас. Служэнне іншым з’яўляецца благаслаўленнем, бо ў ім праяўляецца любоў, якая перамяняе свет».

«Сёння, у 32 гадавіну найбольш жудаснай тэхнагеннай катастрофы ХХ стагоддзя, молімся за яе ахвяраў. Просім Бога, каб прыняў у сваё Валадарства ўсіх тых, чыё жыццё заўчасна абарвалася ў выніку катастрофы.

Просім ласкі здароўя для пацярпелых. Просім супакой для блізкіх тых, каго закранула гэта катастрофа. Просім таксама, каб ніколі не паўтарылася падобнае ў будучым.

У гэтым праяўляецца наша любоў да тых, каго закранула Чарнобыльская катастрофа.

Мы сумуем па яе ахвярах, але існуе яшчэ і духоўны Чарнобыль. Ён існаваў у савецкія часы, калі ядзерныя выбухі атэізму нішчылі веру. Існуе і сёння, калі падобнае чыніць ідэалогія секулярызму і маральнага рэлятывізму», — сказаў іерарх.

Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў вернікаў маліцца за ахвяр Чарнобльскай трагедыі і за тое, каб беларускі народ, які праявіў салідарнасць і любоў у служэнні пацярпелым у Чарнобыльскай трагедыі, меў сілу супрацьстаяць новым выклікам, якія нішчаць веру.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця