У сеціве даступны новы хрысціянскі рэсурс «Радыё РМ» — архіў бясцэннай інфармацыі для тых, хто жыве вучэннем Хрыста, для каго Евангелле — не пусты гук і не проста гісторыя з мінулага, а адзіна магчымы лад жыцця.
У адным рэсурсе сабрана ўсё лепшае, што зроблена за час існавання «Радыё Марыя Беларусь»: перадачы, інтэрв’ю з аўтарытэтнымі педагогамі, псіхолагамі, медыкамі, катэхетамі, святарамі, падборкі лепшай музыкі, праграмы культурнай, сацыяльнай, касцёльнай накіраванасці.
Тут можна знайсці і заўсёды выкарыстоўваць усё, што каманда валанцёраў стварала і збірала для «Радыё Марыя Беларусь».
Каб стаць падпісчыкам архіву, неабходна зарэгістравацца, і пасля зробленага ахвяравання карыстальніку будзе адкрыты доступ у спецыяльны раздзел. Аўтары праекту кажуць, на што прызначаюцца сабраныя такім чынам ахвяраванні:
«Афармляючы падпіску на гэты архіў, вы падтрымліваеце „Радыё Марыя Беларусь“ і дапамагаеце данесці Слова Божае туды, дзе яго моцна чакаюць: самотным, хворым, сумным, тым, хто губляе надзею, тым, хто з-за розных абставінаў не можа ўдзельнічаць у святой Імшы, не можа наведваць касцёл, не бачыць выхаду. Вы дапамагаеце захаваць нашу веру і перадаць яе наступным пакаленням, як было на працягу ўжо тысячы гадоў і будзе навекі».