
Чырвоны касцёл ў Мінску — не толькі візітоўка горада, але і адна з самых шматлікіх парафій сталіцы. Святыню рэгулярна наведвае ад 15 да 25 тысяч (!) вернікаў.
Пробашч мінскай парафіі Святых Сымона і Алены кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк у каментарыі Catholic.by расказаў пра тое, як будзе выглядаць Чырвоны касцёл пасля рэканструкцыі, якая распачалася восенню 2017 года.
Святар адзначыў, што рэканструкцыя будзе ісці ў некалькі этапаў: спачатку — рэканструкцыя святыні звонку, затым — рэстаўрацыя знутры, трэцім этапам прадугледжана будаўніцтва духоўна-асветніцкага цэнтра.
Калі задумку атрымаецца рэалізаваць, то цэнтр змесціцца ў асобнай прыбудове да касцёла, якая была прадугледжана яшчэ ў праектных дакументах фундатара — на той час у якасці плябаніі.
Духоўна-асветніцкі цэнтр пры касцёле, па словах пробашча, аб’яднае нядзельную школу, будзе праводзіць адукацыйна-развіваючыя гурткі для дзяцей і г.д.
«З дзецьці мы працуем на працягу сямі гадоў, ад падрыхтоўкі да Першай Камуніі да катэхезы школьнікаў. Нядзельную школу пры касцёле ў нас наведваюць больш за 800 дзяцей, таму адукацыйны цэнтр, які з’явіцца, дакладна не будзе пуставаць», — заўважыў кс. Уладзіслаў.




















Як дадаў пробашч самай вялікай мінскай парафіі, за ўсе 107 гадоў з моманту ўзвядзення святыні ў ёй ні разу не было капітальнага рамонту.
Сёння ідуць працы па замене даху святыні — металічную дахоўку мяняюць на керамічную. У планах — замена вітражоў.

«Рэканструкцыя — справа заўсёды няскорая. Спачатку трэба ўсё вывучыць, а ўжо тады прыступаць да выканання працы. Таму тут у нас паралельна ідзе і даследаванне, і бягучыя працы. Распачалі з плябаніі. Я сказаў бы, што гэта толькі першыя крокі, усё асноўнае яшчэ наперадзе».
Для вернікаў і турыстаў Чырвоны касцёл у Мінску адкрыты з 6.00 да 21.00. У нядзелю тут цэлебруюць 11 святых Імшаў.



