Пошук

21.02.2018 16:29   Catholic.by

Арган у касцёле Эйндховена да транспарціроўкі ў Беларусь
Арган у касцёле Эйндховена да транспарціроўкі ў Беларусь

Арган быў набыты ў касцёле з галандскага горада Эйндховена, у якім, паводле папярэдніх звестак, збіраюцца зачыніць адзін з касцёлаў.

Цікава, што беларуская сталіца з 1994 года з’яўляецца горадам-пабрацімам галандскага Эйндховена.

«Мы шукалі механічны арган з тубамі на працягу двух гадоў, — распавёў у каментарыі для Catholic.by біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які з’яўляецца біскупскім вікарыем для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці. — Я пісаў лісты ў розныя касцёльныя арганізацыі за мяжой з просьбай дапамагчы ў пошуках добрага аргана, аднак знайсці такі інструмент было няпроста».

Паводле слоў іерарха, знайсці патрэбны арган дапамог кс. кан. Аляксей Раманчук, які займаецца будаўніцтвам новага касцёла ў Барысаве.

«У маі 2017 года ад кс. Аляксея я даведаўся, што ў адным з касцёлаў Галандыі, які збіраюцца закрываць, ёсць выдатны арган. Я параіўся з экспертамі, удакладніў памеры аргана і яго якасць, уважліва вывучыў фотаздымкі інструмента. Пасля было прынята рашэнне за сімвалічную суму гэты арган набыць», — дадаў іерарх.

У Нідэрланды за арганам для магілёўскай катэдры паехаў эксперт з Польшчы, які па замове біскупа Яшэўскага прывёз інструмент у Магілёў для ўсталявання.

Арган, які будзе гучаць у Магілёве, быў выраблены ў 1928 годзе майстрам Леонам Верс Хуэрэнам дэ Хэйт Хусенам, прадпрыемства якога працуе да сёння, як паведамляе канал «Беларусь 4 Магілёў».

У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава інструмент знаходзіцца з 19 лютага. Пасля капітальнага рамонту, які зойме 3-4 месяцы, арган нарэшце ўсталююць.

Да Другой сусветнай вайны ў касцёле ў Магілёве быў свой механічны арган, але падчас вайны яго разабралі і сёння яго месцазнаходжанне невядомае. З 1990-х у касцёле пачаў выкарыстоўвацца электронны арган.

«Я рады, што пасля набыцця люстраў і званоў інтэр’ер святыні ўпрыгожыць і механічны арган, які не толькі будзе аздабляць набажэнствы, але і паслужыць узбагачэннем духоўнага жыцця магіляўчан падчас арганных канцэртаў», — заключыў біскуп.

Абноўлена 21.02.2018 16:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.