Пошук


15 лютага, у другі дзень Вялікага посту, у касцёле св. Яна Хрысціцеля, што ў сталічным мікрараёне Серабранка, прайшла традыцыйная сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў Мінскай вобласці.

Сустрэчу, якая распачалася малітвай Літургіі гадзінаў, працягнула духоўнае павучанне кс. прэлата Андрэя Стэцкевіча. Ён засяродзіўся на неабходнасці ў перыяд Вялікага посту прыкласці намаганні для таго, каб «зняць з сябе маскі»: пазбавіцца ад самападману і ад скажонага бачання сябе і свету, паколькі такія ўцёкі ад праўды не даюць магчымасці Богу, які заўсёды дзейнічае «тут і цяпер», адарыць чалавека неабходнымі для яго духоўнага развіцця ласкамі. Адсутнасць жа духоўнага развіцця вядзе да смерці веры, у выніку чаго дзе-нідзе касцёлы становяцца падобнымі да грабніцаў, напоўненых смуродам тлення. Не дапусціць гэтага — асноўная заданне кожнага пакліканага на служэнне на ніве Пана.

Потым адбылася паўгадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі сустрэчы таксама мелі магчымасць паяднацца з Богам у святой споведзі.

Кульмінацыяй дня духоўнай засяроджанасці стала супольная цэлебрацыя Эўхарыстыі, якую ў свой дзень нараджэння ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У гаміліі іерарх асабліва падкрэсліў хрыстацэнтрычны характар супольнасці Касцёла, з якога вынікае заданне кожнага святара і кансэкраванай асобы весці людзей да Хрыста, а не прывязваць іх да сваёй уласнай асобы.

На арганізацыйнай частцы сустрэчы біскуп Юрый пазнаёміў прысутных з тым, як праходзіў візіт аd limina Аpostolorum біскупаў з Беларусі, які завяршыўся на мінулым тыдні. Нядаўна прызначаны віцэ-афіцыял Мінска-Магілёўскага біскупскага суду бр. Сяргей Мацюшонак OFMCap распавёў пра новы фармат працы гэтай важнай касцёльнай установы ў бліжэйшай будучыні. Былі таксама ўручаны новыя дэкрэты: адказным за душпастырства сем'яў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначаны кс. Сяргей Дабрагост MSF, а сястра Вікторыя Чэкан — натарыусам і экспертам-псіхолагам Мінска-Магілёўскага біскупскага суду.

Духавенства і кансэкраваныя асобы, якія бралі ўдзел у сустрэчы, памаліліся за супакой душы нядаўна спачылага Станіслава Вашкевіча, бацькі кс. Станіслава Вашкевіча SAC, пробашча парафіі Св. Андрэя, апостала, і св. Леапольда Багдана Мандзіча ў Мінску, а таксама біскупа Панявежскага на пенсіі Юозаса Прэйкшаса (Літва), пахаванне якіх адбывалася ў гэты дзень.

На заканчэнне сустрэчы біскуп Юрый Касабуцкі шчыра падзякаваў пробашчу парафіі Св. Яна Хрысціцеля кс. Аляксандру Мятліцкаму SDB і мінскай супольнасці салезіянаў за арганізацыю гэтага дня духоўнай засяроджанасці.

Наступная сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў пройдзе ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вялікі чацвер, 29 сакавіка, пасля святой Імшы Хрызма, якая распачнецца а 10-й гадзіне.

Абноўлена 16.02.2018 00:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.