Міжнародны турнір па футболе сярод дзяцей і моладзі ва ўзроставых групах з 2001 па 2008 год нараджэння завяршыўся ў Варшаве. У ім прынялі ўдзел каманды з Польшчы, Беларусі і Украіны.
Гродзенскую дыяцэзію на турніры прадставілі парафіяльныя каманды з мікрараёнаў Гродна: Аўгустовак і Вішнявец.
Каманда хлопцаў 2002 года нараджэння з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці (Аўгустовак) у сваёй узроставай катэгорыі заняла першае месца.
Хлопцы 2001 года нараджэння з абедзвюх гродзенскіх парафій у сваёй узроставай катэгорыі сталі трэцімі.
Лепшым бамбардзірам турніру прызнаны беларус Антон Сучкоў з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці.
Ініцыятарам удзелу ў варшаўскім турніры беларускіх каманд стаў кс. Артур Малафей, адказны за справы спорту ў Гродзенскай дыяцэзіі. Разам з трэнерам Аляксандрам Гусарам (ФК «Слонім») святар выступіў апекуном беларускіх футбалістаў на турніры.
Турнір быў арганізаваны Каталіцкім спартыўным таварыствам Польшчы. Галоўная мэта турніру — выхаванне дзяцей і моладзі праз спорт, праз уменне правільна сябе паводзіць на пляцоўцы, культуру паводзін у час гульні і на трыбунах, уменне планаваць вольны час і штодзённае жыццё.
Агульная малітва на пачатак турніру і яго завяршэнне дапамагла ўсім прысутным адчуць атмасферу любові да Бога і бліжняга.
Каманды з Гродна выказваюць асаблівую падзяку сем’ям з парафіі Св. Патрыка ў Варшаве за гасціннасць.