Што больш за ўсё аб’ядноўвае людзей? Можна пералічыць мноства розных фактараў, дзякуючы якім адчуваецца еднасць, блізкасць, адзінства, любоў.
Але на першым месцы — малітва. Гэта сіла, гэта моц, суцяшэнне, падтрымка, дар, які мы ахвяруем Богу і які збліжае нас, людзей.
Гэта і ёсць самая галоўная мэта членаў апостальскага руху «Маргарытка», якія з любоўю ахвяруюць сваю малітву за святароў, бо разумеюць, што такая падтрымка для іх вельмі важная і неабходная.
20 студзеня ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча малітоўнага руху «Маргарытка», мадэратарам якога з’яўляецца кс. Валерый Быкоўскі. Больш за 200 прадстаўнікоў гэтай супольнасці з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі прыехалі на сустрэчу, каб падчас Эўхарыстыі ў супольнай малітве праслаўляць Народжанага Пана і выказаць адно аднаму шчырыя пажаданні.
Напачатку сустрэчы адбылася св. Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Прысутнасць дапаможнага біскупа Юзафа Станеўскага, шматлікіх святароў, а таксама семінарыстаў стварыла атмасферу еднасці, цеплыні, адказнасці адно за аднаго і важнасці той справы, якую выконваюць члены малітоўнага руху.
Як важна, каб для кожнага святара знайшлося месца ў сэрцах вернікаў, у іх штодзённай малітве, якая так неабходна для духоўнай абароны тых, каго паклікаў Бог на сваё жніво. Маці Божая хоча менавіта таго, каб хрысціяне змяшчалі святароў у цэнтры сваёй малітвы, сваіх сэрцаў, сваіх думак. Таму напрыканцы Імшы знакам малітоўнай падтрымкі стала ўжо традыцыйнае ўручэнне «маргарытак» прысутным святарам.
Падчас дзялення аплаткай у зале Яна Паўла ІІ у цёплай і сямейнай атмасферы было выказана шмат прыемных пажаданняў. Так павінна быць у сапраўднай сям’і, у якой клопат пра кожнага, любоў і міласэрнасць да бліжняга з’яўляюцца неабходнай умовай жыцця: тым паветрам, без якога немагчыма ніводная хвіліна існавання.
Менавіта такія сустрэчы фарміруюць сапраўдныя хрысціянскія каштоўнасці, дзякуючы якім праўда Хрыста трыумфуе на Зямлі і аб’ядноўвае людзей для пошукаў сапраўдных скарбаў, для распаўсюджвання ўзаемападтрымкі і любові, для духоўнай сувязі вернікаў і душпастыраў.